Праект казармаў Уладзіміру Садоўскаму, краязнаўцу з Маладзечаншчыны, даслаў польскі даследчык архітэктуры Шымон Кухарскі.
Нагадаем, што ад з 1921 па 1939 год пад Маладзечна ў былым фальварку Гелянова размяшчаўся гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.

Праект знайшлі ў польскім вайсковым архіве. Дакументацыя падпісаная вядомым варшаўскім архітэктарам Станіславам Адынец-Дабравольскім (1899-1968). Сам праект датуецца вераснем 1937 года.

Па фотаздымках бачна, што праект увасобілі, але з пэўнымі зменамі.

– Напрыклад, колькасць падоўжаных вокнаў у будынку не такая, як у праекце. Ды і сам будынак, здаецца, быў адлюстраваны адносна восі, – кажа Уладзімір. –  У 1960-я гады дом яшчэ меў арыгінальны выгляд, што бачна на фотаздымках з футбольных матчаў, якія праходзілі побач з былымі казармамі на гарадскім стадыёне, які таксама быў калісь польскім вайсковым пляцам.

Цяпер у будынку былых казармаў месціцца ўралагічнае адзяленне 1-й гарадской бальніцы Маладзечна. Сам будынак цягам рэканструкцый страціў арыгінальны вонкавы выгляд – шырокія вокны амаль цалкам заклалі,  змянілі тынкоўку і колер.

Так былая казарма выглядае сёння.

І ўсё ж пэўныя дэталі будынка захавалі свой арыгінальны выгляд. Напрыклад, на вокнах падвальных памяшканняў ёсць арыгінальныя гнутыя краты, над адным з уваходаў можна пабачыць падпіленую стойку флагштока, куды падчас польскіх дзяржаўных святаў ставілі сцягі.

Краты на вокнах – з часоў польскага вайсковага гарадка.
Што хавае ў сабе падзямелле?

Каля былых казармаў знаходзіцца спуск у бетанаванае падзямелле.

Уладзімір мяркуе, што гэта ці бомбасховішча, ці склад зброі. Такіх спускаў на тэрыторыі Гелянова захавалася  некалькі.

Нагадаем, што Уладзімір Садоўскі ужо некалькі год даследуе гісторыю Гелянова. Пра леташнюю экскурсію па гэтым гістарычным месцы, можна пачытаць тут.

Фотаздымкі забяспечаныя Уладзімірам Садоўскім.