Новая славутасць у Маладзечанскім раёне з’явілася на полі ў Красным. Як расказала карэспандэнту МЛЫН.BY адна з аўтараў Ірына Чаеўская, ідэя прыйшла з інтэрнэту, дзе папулярны ютубер абвясціў конкурс з прызам у 100 000 расійскіх рублёў за самага вялікага снегавіка.
– На працу сышоў цэлы тыдзень і больш за 500 снежных шароў, кожны з якіх каля 40 сантыметраў у дыяметры. Снегавіка зляпілі на полі побач з вёскай, каб як мага менш людзей змаглі яго ўбачыць і неспадзявана пашкодзіць канструкцыю, – кажа Ірына.

Таксама яна адзначыла, што ляпіць снегавіка было цяжка, віной таму адліга.
Усю працу зрабілі сем чалавек: чацвёра дарослых і трое дзяцей. Ляпілі ўручную без дапамогі тэхнікі. Выкарыстоўвалі лесвіцу, рыдлёўкі, вяроўкі, санкі і вёдры.
Шалік для снегавіка сплялі са старых штор. Вочы, рот і гузікі ў персанажа з кардона, які пафарбавалі чорнай фарбай. Вусы і валасы зрабілі з хваёвых галінак.
Дзеці назвалі скульптуру Сцёпам.
– Спадзяюся, да лета прастаіць, – кажа з усмешкай Ірына Чаеўская, – калі толькі тэхніка не будзе засяваць гэты ўчастак поля.
• Текст доступен на языке: Русский