Спорт

У канцы сакавіка – па папярэдняй дамоўленасці ад 22 да 24 – Ашмяны ў другі раз збяруць на сваім памосце наймацнейшых паўэрліфтараў Еўропы. На пасяджэнні аргкамітэта, якое прайшло пад старшынством кіраўніка раёна Міраслава Сарасека, сумесна з прадстаўнікамі федэрацыі былі разгледжаныя пытанні пражывання спартсменаў, падвозу іх да месца спаборніцтваў, адкрыцця Кубка, агучвання і трансляцыі анлайн, правядзення цырымоніі ўзнагароджання.

– У гэты раз праводзіць спаборніцтвы такога высокага ўзроўню нашмат лягчэй, – адзначае старшыня аддзялення Федэрацыі экіпіровачнага і класічнага паўэрліфтынгу па Гродне і Гродзенскай вобласці, галоўны трэнер зборнай Рэспублікі Беларусь па паўэрліфтынгу Міхаіл Станкевіч. – Досвед леташняга Кубка дазволіць нам і цяпер арганізаваць усё найлепшым чынам. Варта адзначыць, што і год таму спаборніцтвы  прайшлі на вышэйшым узроўні. Прадстаўнікі Еўрапейскай федэрацыі Ральф Фергюсан (Іспанія) і Мірыям Бусэлот (Бельгія) высока ацанілі нашы старты. Усе мы рабілі разам: і органы мясцовай улады, і адказныя за спартыўную работу, і кіраўніцтва нашай федэрацыі, і цэлы шэраг арганізацый у раёне.

І хаця да стартаў больш за два месяцы, падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Практычна без выхадных трэніруюцца і атлеты. Па словах Міхаіла Станкевіча, больш за дзесяць спартсменаў спартыўна-атлетычнага клуба “Аякс” ўключылі ў лік прэтэндэнтаў у склад зборнай Беларусі для ўдзелу ў Кубку Еўропы. Зыходзячы з таго, што цяпер вядзецца непрымірымая барацьба з допінгам сярод паўэрліфтараў, ёсць падставы меркаваць, што шэрагі ўдзельнікаў Кубка Еўропы будуць чыстымі. Гэта дазволіць весці сумленную барацьбу за месца на п’едэстале.