У 9.20 у будынак суда на працэс прыйшло каля 50 чалавек. Людзі працягвалі падыходзіць. Сярод тых, хто прыйшоў, – журналісты, рэдактары, былыя фігуранты справы БелТА, напрыклад, Ірына Леўшына.

На ўваходзе ў залу пасяджэнняў дадаткова аглядаюць, стаяць рамкі металашукальнікаў. Справа Золатавай будзе весці суддзя Аляксандар Петраш, які, як паведамляе “Вясна”, неаднаразова выносіў палітычна матываваныя адміністрацыйныя пастановы вядомым палітыкам, грамадскім дзеячам і актывістам.

Марына Золатава засталася адзінай абвінавачанай па «справе БЕЛТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны пакрыць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Галоўрэда TUT.BY абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўлення волі. Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава — адзіная, як усталявала следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялаў БЕЛТА.

Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Марыны Золатавай спынілі «ў сувязі з нездзяйсненнем злачынства». СК двойчы адмовіў Золатавай ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле 86 артыкула Крымінальнага кодэкса.

Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Павел Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.