Сёмага лютага ў Маладзечне прэзентаваў уласныя кнігі пісьменнік і палітык Павел Севярынец.
Гутарылі пра творчасць, знакамітых жыхароў Маладзечна, пра будучыя прэзідэнцкія выбары. Пра тое, чаму ў рэстаране «Паедзем паядзім», што ў Курапатах пад Мінскам, шмат каму не лезе бясплатны плоў. Пра тое, што апошняя кніга Паўла «Каменнае сэрца» – зусім не жаночы раман, як некаторыя мяркуюць па назве.

Горад недастраляных

Да Маладзечна ў Паўла Севярынца – асаблівае стаўленне. Выступоўца адзначыў, што Маладзечна са сталінскіх часоў лічыцца горадам недастраляных. Таксама заўважыў, што­ назвам вуліц тут мог бы пазайздросціць ці не любы беларускі горад і што Маладзечна – ­адзінае месца ў Беларусі, дзе ў свой час афіцыйна ўсталявалі помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі.

На сустрэчы Павел прыгадаў дзеячаў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», жыццё якіх было звязанае з нашым рэгіёнам. Напрыклад, ксяндза Адама Станкевіча, што нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняй Смаргоншчыны. У касцёле святар звяртаўся да вернікаў па-беларуску.

– Вы ўяўляеце, што адчуваў селянін? Ксёндз у касцёле гаворыць на той мове, на якой мужык гаворыць дома! Гэта быў нонсэнс, – адзначаў на сустрэчы пісьменнік.

А Адам Дасюкевіч – бургамістр Паставаў – падчас вайны выратаваў Барыса Кіта. Будучы дырэктарам настаўніцкай семінарыі ў Паставах, Кіт не даў нямецкаму афіцэру студэнтаў, каб тыя прыбіралі трупы. За гэта афіцэр стрэліў у Барыса Кіта. Бургамістр Дасюкевіч выбіў пісталет з рук немца. Куля засела ў сцяне. А Барыс Кіт дажыў да 107 гадоў.

У 1947 годзе ў Мала­дзечна прыехаў фалькларыст і кампазітар Павел Каруза, каб збіраць народную творчасць. Але хтосьці данёс, што ў горадзе з’явіўся небяспечны элемент, які сябруе з нацдэмамі. У 1948-м Карузу забралі ў савецкі лагер.

Кнігі пра канец свету і пра дзвесце феноменаў Беларусі

Кніга «Беларусалім», па словах Паўла, пра канец свету, што пачынаецца ў Беларусі. Тут мала фантастыкі, кажа пісьменнік. Гэта кніга пра жыццё.

Тое, што Беларусь займае адно з першых месцаў па самагубствах, ужыванні алкаголю, колькасці жанчын у турмах, ці не ёсць гэта канец свету?

Некалькі перавыданняў з дапаўненнямі вытрымала кніга «Люб­лю Беларусь». У ёй – дзвесце феноменаў, па якіх нашу Айчыну пазнаюць у свеце. Іншымі словамі, дзвесце адказаў на пытанне, што такое Беларусь. Напрыклад, Беларусь – гэта «Песняры», гэта Еўфрасіння Полацкая.

Зала была поўнай.

Выданне дапаўняец­ца. У апошніх кнігах ёсць Дар’я Домрачава і Вікторыя Азаранка. Ёсць і Аляксандр Лукашэнка. Але не ў раздзеле «Знакамітыя палітыкі», а ў раздзеле «Спорт». Адзначана ў кнізе і імя лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч.

– Вы ведаеце, колькі нобелеўскіх лаўрэатаў – выхадцаў з Беларусі? – звярнуўся Павел да прысутных.

І атрымаў правільны адказ – больш за дзясятак. А калі дакладна, то 18 чалавек. Большасць з іх – беларускія яўрэі.

«Каменнае сэрца» – кніга пра турму, а не пра каханне

Апошняя кніга Паўла Севярынца – «Каменнае сэрца». Гэта не жаночы раман, як некаторыя мярку­юць па назве. Гэта зборнік турэмнай лірыкі. У кнігу ўвайшлі творы, напісаныя ў турме ад 1997 года. А каменным сэрцам называюць турму-«амерыканку» ў цэнтры Мінска.

Расказаў Павел і пра абарону Курапатаў. Пра тое, што рэстаран «Паедзем пая­дзім» церпіць выдаткі, што людзі не ідуць нават на бясплатны плоў, які прапануюць там па акцыі. Некаторыя прыязджаюць у рэстаран, але, пачытаўшы лістоўку, што даюць актывісты, разварочваюцца і з’язджаюць.

Такі неабходны нацыянальны ўніверсітэт

На сустрэчу прыйшло больш за сорак чалавек. Пас­ля выступлення былі пытанні. Запыталіся, ці робіць Павел і яго паплечнікі нейкія высновы з папярэдніх памылак.

Кніжка для дзяцей.

Павел адказаў, што такі досвед ёсць. Адной са значных памылак назваў тое, што ў Беларусі не змаглі адчыніць Нацыянальны ўніверсітэт:

– Такая ўстанова неабходная. Там працавалі б лепшыя выкладчыкі, вучыліся б лепшыя студэнты. Варта было зрабіць так, каб у гэту ўстанову былі чэргі, як цяпер чэргі ў 23-ю беларускамоўную гімназію Мінска. Тады б і сітуацыя з мовай, і ўвогуле сітуацыя ў краіне змянілася б да лепшага.

• Текст доступен на языке: Русский