Ідэальнае спатканне – сустрэча двух закаханых, зацікаўленых адно адным. Іх вочы шчасліва блішчаць, на вуснах – радасная ўсмешка. Але часам здараецца, што сустрэча пары ператвараецца ў сапраўдную катастрофу. Мы распыталі жыхароў горада, якія непрыемнасці здараліся з імі падчас спатканняў.
На Дзень святога Валянціна 24% адзінокіх беларусаў прызнаюцца ў каханні (Інфаграфіка)
Эдуард:
– Гадоў дзесяць таму ўгаварыў сустрэцца адну дзяўчыну. У цэлым не звярнуў увагі, чаму так хутка, без дамаўленняў яна пагадзілася на сустрэчу. Без лішняй думкі прыйшоў ва ўмоўленае месца. Прачакаў 15 хвілін. У выніку даведаўся, што тая дзяўчына нікуды ісці і не збіралася. Яна знаходзілася са сваёй сяброўкай на балконе ў доме па суседстве і хіхікала. Пасля гэтага выпадку давер да жаночага полу паменшыўся.
Іван:
– Напэўна, у кожнага бываюць няўдалыя спатканні. У мяне такіх было цэлых тры. У 15-16 гадоў сябар прапанаваў пазнаёміць мяне з крутой дзяўчынай. Пайшлі на спатканне. На сустрэчу прыйшла адна дзяўчына. Сказала, што ў іх з сяброўкай свабодная кватэра. Але каб трапіць туды, нам трэба купіць прыгажуням піўка. Грошы былі толькі ў мяне, набыў у шапіку «разагрэў», прадавец паклала яго ў пакет. Бачна было, што дзяўчына размаўляць з намі не асабліва хоча. Яна папрасіла сама паднесці пакет. Узяла ў рукі і ўцякла. Мы з сябрам былі ў шоку і таму даганяць не сталі. Мабільнік дзяўчына больш не здымала.
Другі выпадак здарыўся ў мае 17.
З лепшым сябрам паехалі ў Паставы. Гулялі па парку і сустрэлі на лаўцы нейкіх дзяўчат. Адна мне ўсміхнулася, сказала, сумавала па мне. А я яе ўпершыню бачыў, таму павітаўся і пайшоў далей. Дзяўчына ж падбегла да мяне, пазнаёміліся, было прыкольна. Падчас прагулкі мне патэлефанаваў сябар і папрасіў падысці на ўскраіну парку, дзе нас збілі, невядома чаму. Мяне так адзіны раз у жыцці пакалацілі, кроў цякла з галавы, хадзіць не мог. Дзяўчына, якая была са мной, збегала ў начную краму, набыла мінералку, вымыла мяне. Потым выходжвала на лаўцы.
У 21 год здарылася трэцяе няўдалае спатканне. Сустрэў у парку дзяўчыну, яна мне спадабалася, абмяняліся тэлефонамі. Праз тры дні новая знаёмая патэлефанавала сама і запрасіла ў госці. Папярэдзіла, што замужам, але муж у камандзіроўцы і з’явіцца не хутка. Падумаў, чаму б не прыйсці. Па яе просьбе набыў піва з чыпсамі, прыйшоў. Сустрэла мяне прыбраная, прыгожая. І шэпча: «У мяне тут дзіця маленькае спіць, цішэй». Акуратна ідзём у спальню, там свечкі гараць, а я ў шоку, наколькі дрэнна яе ведаю. Сядзім, п’ём, размаўляем. Потым яна здымае халат, пад ім – прыгожая камбінацыя і панчохі. Ускоквае мне на калені, цалуемся. І толькі зняла з мяне майку – чую, як адчыняюцца дзверы. Разумеем, што гэта муж. Класічны выпадак. Дзяўчына хутка апранае халат і ляціць да мужа. Я нацягваю майку і думаю, што рабіць. Пяты паверх усё ж. Таму наліваю піва і чакаю мужа. Нарэшце ён заходзіць, бачыць мяне і… радасна лезе абдымацца. Аказваецца, з гэтым чалавекам мы пазнаёміліся неяк раней на адной з тусовак, разам пілі і знаёміліся з дзяўчатамі. Я паняцця не меў, што ён жанаты. Што адбываецца, знаёмы не зразумеў, нават пажартаваў: «Крута, што забаўляеш маю жонку, пакуль я ў камандзіроўцы». Потым пакінуў нас з дзяўчынай і пайшоў спаць. А пасля яе пытання, калі ўжо зоймемся сэксам, пайшоў дадому і я.
Таццяна:
– У школе мне вельмі падабаўся аднакласнік, але нічога з ім не атрымалася. Пасля заканчэння школы не бачыліся амаль сем гадоў. Звычайна я збіраю людзей на вечар сустрэчы выпускнікоў, пішу, тэлефаную ўсім. Сёлета таксама напісала ў сацсетцы некалькім аднакласнікам, у тым ліку таму, хто падабаўся. Ён адказаў, што знаходзіцца ў іншай краіне, прыехаць у Маладзечна не паспее, але будзе ў горадзе праз два дні пасля вечара сустрэчы, таму зможам сустрэцца пазней. Запрасіў на каву і ў кіно. Вядома, пагадзілася, падумала, нарэшце будзе шанец з ім «замуціць». У дзень сустрэчы па тэлефоне дамовіліся, дзе «зляцімся». І вось вырашальны час наступіў. Прыйшла на месца сустрэчы, а было восем вечара, цёмна. Бачу, выходзіць з машыны нейкі чалавек, падыходзіць да мяне і кажа: «Вітаю». Далей дыялог вар’ятаў:
– Вітаю.
– Ну што, пойдзем?
– Куды? Ты хто?
– Той, з кім ты размаўляла.
Нямая паўза. Чужы чалавек цёмным вечарам хоча зацягнуць мяне ў машыну.
– Я размаўляла з іншым чалавекам, – развярнулася і пайшла дадому.
Выпадак з рубрыкі «ты не паверыш». Аказваецца, у «сябрах» у сацсетцы ў мяне знаходзяцца два чалавекі з аднолькавымі імёнамі і прозвішчамі. Калі шукала аднакласніка для запрашэння ў школу, першым трапіўся ў пошуку ледзь знаёмы хлопец, якога ні разу не бачыла. Зразумела, фотаздымкі на старонцы я не глядзела – навошта, калі імя і прозвішча супадаюць? Вось выпадкова і напісала чужому чалавеку.
Яшчэ падчас размовы па тэлефоне я заўважыла, што голас «аднакласніка» нейкі не такі. Але падумала, што забылася, усё ж сем гадоў не размаўлялі. А сапраўдны аднакласнік, кажуць, у арміі цяпер.
Ігар:
– Неяк запрасіў дзяўчыну на шпацыр па горадзе, потым у кавярню, пагутарылі, час праляцеў незаўважна. Яна спяшалася дадому, правёў. Развіталіся, разышліся. Наступным ранкам патэлефанаваў ёй, спытаў, як справы, прапанаваў куды-небудзь схадзіць. Дзяўчына адказала, што моцна занятая, але не сказала, чым. Пакрыўдзіўся на яе, і мы разышліся.
Марына:
– Памятаю, сустракалася з хлопцам, які жыў у вёсцы і ездзіў да мяне ў горад. У адзін восеньскі вечар хлопец захацеў паказаць мне месца свайго жыхарства – не кватэру, проста вёску. Пагадзілася, бо ніколі там не была. Па дарозе спыніліся пакурыць. Выходзім – неба зорнае-зорнае, цішыня, свежае паветра, справа – неабсяжны лес. Злева – могілкі. Што рабіць? Прагуляліся крыху і пайшлі ў машыну.
Аксана:
– Пазнаёмілася з маладым чалавекам праз інтэрнэт. Пасля нядоўга баўлення часу ў кафэ пайшлі гуляць па горадзе. Спатканне скончылася тады, калі малады чалавек вырашыў паказаць мне, як у помніка варушацца вушы. Больш мы не сустракаліся.
• Текст доступен на языке: Русский