«Расія адмовілася, а мы прыслухаліся …»

Доктар агульнай практыкі для Беларусі не навіна. Яшчэ ў 1992 годзе загадам Міністэрства аховы здароўя ў наменклатуру пасад увялі такую спецыяльнасць. У 1998 годзе ў БелМАПА (тады Беларускі інстытут удасканалення дактароў) адкрылі курс «агульнаўрачэбная практыка». Пасля яго рэарганізавалі у кафедру, дзе і сёння ўчастковыя тэрапеўты перавучвацца на дактароў агульнай практыкі. Ад 2001 года рыхтаваць такіх спецыялістаў стаў Віцебскі медыцынскі універсітэт.

Аднак на практыцы інстытут дактароў агульнай практыкі не развіўся. Да 2009 года на ўсю Беларусь іх было 525. Амаль усе працавалі на вёсцы. І толькі адзінкі – у якасці эксперыменту ў паліклініках мікрараёнаў вялікіх гарадоў.

У той жа час стан айчыннай аховы здароўя заўсёды выклікаў шмат крытыкі і незадаволенасці ў насельніцтва. Даследаваўшы скаргі пацыентаў, спецыялісты Міністэрства аховы здароўя прыйшлі да высновы, што беларусаў не задавальняе якасць арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі ў першасным звяне. Чыноўнікаў не мог не турбаваць недахоп медыцынскіх кадраў, а дактароў паліклінік – малыя заробкі.

У 2008 годзе ў Беларусь запрасілі  экспертаў еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Цэлы год яны маніторылі першасную медыка-санітарную дапамогі ў Беларусі і разам з беларускімі калегамі шукалі спосабы, як яе ўдасканаліць.

Па словах аднаго з пазаштатных спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя, які пажадаў застацца невядомым, эксперты САЗ назвалі тады беларускую мадэль аховы здароўя адной з лепшых на постсавецкай прасторы і не раілі адмаўляцца ад дзяржаўнага фінансавання і імкнуцца да абавязковага медстрахавання.

У аналізе-справаздачы эксперты САЗ выпісалі рэцэпт – замяніць участковых тэрапеўтаў на дактароў агульнай практыкі і пераразмеркаваць грошы ў ахове здароўя так, каб не менш за 50 працэнтаў ішло на першаснае звяно. Адзначалі шмат пераваг такой сістэмы – гэта і даступнасць, і якасць, і эканамічная эфектыўнасць.

Такія ж рэкамендацыі САЗ тады атрымала і Расія. Але там гэтыя прапановы многія аўтарытэтныя спецыялісты раскрытыкавалі.

– Расія адмовілася, а мы – прыслухаліся. І сёння чыноўнікі пераконваюць беларусаў у тым, што дактары агульнай практыкі – гэта панацэя ад усіх хвароб у ахове здароўя. Хацелася бверыць, што гэта так, – кажа пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя. Але, на мой погляд, пакуль фінансаванне аховы здароўя будзе заставацца такім мізэрным, нічога не зменіцца. Чыноўнікам пастаянна патрэбна рэарганізацыя, імітацыя дзейнасці. А дактары стаміліся ад рэарганізацый, ім трэба спакойна працаваць.

Дапамога па прынцыпе «тут і цяпер» ў адным кабінеце

Пераймаючы еўрапейскую мадэль першаснага звяна, у Беларусі яе не сталі цалкам капіраваць.

У Еўропе доктар агульнай практыкі – гэта сямейны доктар, які назірае пацыентаў не толькі па тэрытарыяльным прынцыпе, але і цэлымі сем’ямі. У Беларусі вырашылі пакуль уводзіць толькі «дарослых» дактароў агульнай практыкі, захоўваючы педыятрыю (на вёсцы гэтыя спецыялісты будуць лячыць і дарослых, і дзяцей). Акрамя таго, не плануецца прыбіраць з паліклінік вузкіх спецыялістаў.

У гарадскіх паліклініках тэрапеўтычныя аддзяленні пераймянуюць у аддзяленні агульнай доктарскай практыкі.

– Гэта будзе не проста змена шыльды, – паабяцаў галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандр Вербавікоў. – Маецца на ўвазе даабсталяванне кабінетаў, сумак-укладак дактароў сучаснымі электроннымі танометрамі і тэрмометрамі, пераноснымі электракардыёграфамі і іншай медтэхнікай.

Кожнаму доктару усталююць на працоўным месцы камп’ютар, падлучаны да базы паліклінікі. У камп’ютары – поўная інфармацыя пра пацыента, прызначанае лячэнне, прэпараты, якія ён прымае. Там жа – вынікі лабараторных, інструментальных, ультрагукавых, рэнтгенаграфічных даследаванняў.

Мяркуюць, што, пабываўшы на прыёме ў доктара агульнай практыкі, пацыент не пойдзе да вузкіх спецыялістаў. Ён атрымае дапамогу па прынцыпе «тут і цяпер» ў адным кабінеце.

Сярод прыхільнікаў ўвядзення інстытута дактароў агульнай практыкі ў паліклініках і былы міністр аховы здароўя Ігар Зелянкевіч. Ён перакананы, што такія змены сістэмы дапамогуць перамагчы высокую смяротнасць насельніцтва і павялічыць працягласць жыцця беларусаў, таму што дактары будуць цесна кантактаваць з пацыентамі. Акрамя таго, увядзенне доктара агульнай практыкі знізіць нагрузку на вузкіх спецыялістаў, час працы якіх ва ўсім свеце ацэньваецца вельмі дорага.

– Доктар агульнай практыкі – гэта інтэграваны погляд на хворага, – кажа Ігар Зелянкевіч. – Добры спецыяліст лечыць не хваробу – ён лечыць канкрэтнага чалавека, прычым аказвае яму медыцынскую дапамогу на працягу ўсяго яго жыцця.

Перавагі гэтай мадэлі былы міністр аховы здароўя бачыць у паляпшэнні даступнасці медыцынскай дапамогі і прафілактыктыцы захворванняў.

– А яшчэ гэта – эканомія сродкаў, таму што ў большасці выпадкаў пацыент будзе пачынаць і заканчваць лячэнне ў аднаго доктара, а не бегаць па вузкіх спецыялістах з дробязнымі праблемамі, – рэзюмуе Ігар Зелянкевіч.

«Мы ў пераходным перыядзе, рана рабіць высновы»

Аднак у медыцынскай супольнасці пакуль няма поўнага адабрэння новай сістэмы медабслугоўвання насельніцтва.

– Магчыма, ідэя нядрэнная, – кажа доктар-тэрапеўт з 35 гадовым стажам Людміла Гулевіч. – Але чаму раптам цяпер спатрэбілася ўводзіць у гарадскія паліклінікі доктара агульнай практыкі? Ці не ад таго, што першаснае звяно адчувае дэфіцыт кадраў? Паліклінікі ж голыя! А так адзін доктар заменіць адразу ўсіх – і вушы палечыць, і вочы праверыць, і рану перавяжа.

У сельскай мясцовасці, лічыць тэрапеўт, магчыма, увядзенне доктара агульнай практыкі – мера апраўданая. Для горада яна добрая тады, калі паліклінікі ўкамплектаваныя. А сёння там працуюць альбо ўчарашнія выпускнікі, альбо пенсіянеры.

– Калі ў канцы 1980-х я скончыла медінстытут, уладкавацца на працу ў мінскую паліклініку было нерэальна, і мне адразу плацілі 250 рублёў заробку пры сярэднім па краіне 120. А сёння бяруць ўсіх жадаючых, таму што аклад тэрапеўта трыста рублёў! Дык можа, спачатку варта вярнуць доктара ў паліклініку, а ўжо потым займацца рэфармаваннем? – адзначае Людміла Гулевіч.

Многія ўчастковыя тэрапеўты асцерагаюцца, што з ператварэннем  у дактароў агульнай практыкі нагрузка на іх не паменшыцца, а нават павялічыцца, хоць Міністэрства аховы здароўя ўжо перагледзела нарматыў забяспечанасці дактарамі першаснага звяна. У адрозненне ад ўчастковага тэрапеўта, на якога прыходзілася за 1700 чалавек, доктар агульнай практыкі будзе абслугоўваць 1300 жыхароў. Таксама павялічылі час прыёму аднаго пацыента з 12 да 18 хвілін.

Паводле Белстата.

– Але хіба гэта істотная розніца, улічваючы, што доктар агульнай практыкі павінен таксама аказваць дапамогу пацыенту – калі спатрэбіцца, перавязаць і апрацаваць рану або, напрыклад, правесці спецыяльнае даследаванне вуха з атаскопом? – кажа Людміла Гулевіч. – У прыватных медцэнтрах тэрапеўту адводзіцца на пацыента 30 хвілін, і гэтага часу не заўсёды дастаткова. А тут гаворка ідзе пра дактароў больш шырокага профілю.

Пацыенты асцерагаюцца, што можа знізіцца якасць медыцынскай дапамогі. Яны справядліва ставяць пытанне: наколькі кампетэнтны будзе доктар агульнай практыкі, бо перападрыхтоўка участковых тэрапеўтаў займае максімум сатыры месяцы.

– Часу на перападрыхтоўку, на засваенне дадатковы навыкаў участковым тэрапеўтам далі нямнога, – лічыць прафесар кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА Тамара Цябут. – Пра гэта кажуць і самі дактары, якія прыходзяць да нас на курсы. За мяжой доктар агульнай практыкі рыхтуецца шэсць гадоў у інстытуце і потым яшчэ тры гады, а ў нас некаторыя тэрапеўты ідуць на скарочаныя, двухмесяцовыя цыклы. А праграма перападрыхтоўкі уключае і неўралогію, і хірургію, і оталарынгалогію.

У паліклініках прызнаюцца, што некаторыя былыя тэрапеўты, якія ўжо сталі працаваць як дактары агульнай практыкі, не да канца ўпэўненыя ў сваіх сілах.

– Некаторыя не саромеюцца і звяртаюцца да неўролагаў, да хірургаў па дапамогу, – распавядае загадчык хірургічнага аддзялення адной гомельскай паліклінікі. – І гэта толькі вітаецца. Мы вельмі спадзяёмся, што дактары агульнай практыкі разгрузяць вузкіх спецыялістаў. У нас ж да чаго даходзіць. Тэрапеўт бачыць у пацыента мікраскапічнае гнойнае ўтврэнне і адразу выклікае хірурга. А гэта выдаткі! Цяпер такімі пацыентамі павінен займацца доктар агульнай практыкі, ён абавязаны ўмець выконваць элементарныя працэдуры. Ці, напрыклад, радыкуліт. Тэрапеўт адразу піша накіраванне да неўролага, а доктар агульнай практыкі ў ідэале сам будзе прызначаць лячэнне пры такіх станах. Акрамя таго, доктар агульнай практыкі, прызначыўшы шэраг даследаванняў і аналізаў, адразу можа вызначыць, што пацыенту трэба да сасудзістага хірурга або неўролага – значыць, не будзе страчаны час на хаджэнне з кабінета ў кабінет, і пацыент максімальна хутка атрымае лячэнне.

На думку нашага суразмоўцы, калі лекары агульнай практыкі запрацуюць так, як мяркуюць, то плынь пацыентаў да вузкіх спецыялістаў скароціцца ўдвая.

– У нас будзе больш часу і магчымасці разабрацца з найбольш складанымі выпадкамі, – падкрэслівае ён. Аднак цяпер, – адзначае наш суразмоўца, – з-за абвешчанай у першасным звяне аптымізацыі і плануемага з прыходам дактароў агульнай практыкі пераразмеркавання сродкаў, з паліклінік сталі масава звальняцца вузкія спецыялісты. Яны асцерагаюцца, што дактарам агульнай практыкі з-за экспрэс-перападрыхтоўкі не хопіць кваліфікацыі для прызначэння і правядзення лячэння, і, такім чынам, вузкія спецыялісты застануцца з тымі ж нагрузкамі, але меншым заробкам, паколькі здымаюцца стаўкі і скарачаюцца гадзіны сумяшчэння.

– Але давайце дачакаемся хоць бы 2020 года, – падсумоўвае наш суразмоўца. – А ў ідэале, каб судзіць пра вынікі рэформы, павінна прайсці хаця б гадоў дзесяць. Цяпер мы ў пераходным перыядзе, і вынік рабіць рана.

На Захадзе, як адзначаюць эксперты, інстытут дактароў агульнай практыкі даказаў сваю слушнасць. Хоць, магчыма, параўноўваць Беларусь з развітымі еўрапейскімі краінамі не зусім карэктна. У нас часцяком усё адбываецца не так, як плануюць.

Пра тое, як працуюць дактары агульнай практыкі ў Смаргоні, можна пачытаць тут.

• Текст доступен на языке: Русский