“Адкрытая прастора” ў чарговы раз сабрала аматараў паляпшэння гарадскога жыцця. На крэатыўным форуме, які прайшоў 10 лютага, архітэктары, дызайнеры, мастакі з Беларусі і Літвы прапанавалі ідэі для развіцця вуліцы стрыт-фуда. Цягам дня творчыя госці горада наведалі вуліцу, распрацавалі і прэзентавалі свае ідэі.
Летась у снежні праект маладзечанскага дыскусійнага клуба выйшаў у фінал конкурсу Social Weekend і атрымаў фінансавую падтрымку ў дзесяць тысяч рублёў на стварэнне гарадской крэатыўнай прасторы.

Да 28 лютага працягваецца прыём заявак на 13-ы конкурс Social Weekend. Па традыцыі, вылучаць пераможцу ў намінацыі “Па-беларуску”.

Да канца мая арганізатары павінны распрацаваць праект абнаўлення вуліцы Ката Францыска.

Вуліца Ката Францыска – народная назва. Прыжывецца яна ці не, пакуль невядома, але, па словах арганізатараў, кот адназначна стаў сімвалам вуліцы.

Ц’ютарамі форуму выступілі эксперты з Мінскай урбаністычнай платформы Ілона Эльяшэвіч і Настасся Гермацкая.

Даведка “РГ”: Мінская ўрбаністычная платформа займаецца міждысцыплінарнымі адукацыйнымі, даследчымі і практычнымі праектамі ў галіне гарадскога развіцця.

Сярод іншых, форум наведалі мастак  Bazinato, старшыня калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання 81, кіраўнік праекта “Эка-дружны пад’ездТаццяна Сіпачова.

Якая канцэпцыя вуліцы

Першая група ўдзельнікаў працавала над канцэпцыяй брэнда.

– Хочацца, каб вуліца стала падставай для стварэння новых адносін да публічнай прасторы. Вуліца ўжо існуе, таму наша задача не навязваць новую канцэпцыю, а ўзмацніць харызму старой. Калі наведалі месца, адчулі атмасферу “дамашнасці”. Там ёсць вельмі мілыя дэталі. Напрыклад, на вуліцы можна пагладзіць ката. Заўважылі шмат дрэў і натуральных элементаў. Нягледзячы на тое, што адзіная функцыя гандляроў – накарміць, адчулі, што можам завітаць да кожнага наўпрост у госці, – падзялілася спецыяліст па брэндынгу з Мінска Алена Рабкіна.

Душэўнасць, адкрытасць, клопат і акцэнт на збліжэнне – менавіта такія каштоўнасці, на думку гасцей, у вуліцы Ката Францыска. Яна душа Маладзечна, якую можна “напоўніць” афішай, калабарацыямі, гурткамі, музыкай, гісторыямі пра месца і знаёмствамі жыхароў.

– Самае важнае, што ёсць у людзей, – магчымасць камунікаваць, узаемадзейнічаць, развівацца. Кожны чалавек для кожнага – дапаможнік, настаўнік і магчымасць. На вуліцы хочацца бачыць дыялог паміж рознымі “карыстальнікамі” свету і максімальна прыцягнуць жыхароў горада да стварэння аб’екта, – лічыць Bazinato.

Якія зоны могуць з’явіцца

Над функцыянальным заніраваннем вуліцы працавала наступная група. Зрабіць месца пешаходным, стварыць безбар’ернае асяроддзе і пляцоўку для арт-аб’екта, дазволіць дзецям, дарослым і сталым людзям бавіць час на вуліцы – такія ідэі прапанавалі ўдзельнікі форуму.

Сутнасць функцыянальнага заніравання ў тым, каб аб’яднаць розныя групы насельніцтва. Магчыма, на вуліцы стрыт-фуду з’явіцца ціхая зона для пасіўнага адпачынку, цікавая для ўсіх. Тут можна будзе пасядзець, паесці. А таксама дзіцячая зона і месца для актыўнага баўлення часу для дарослых.

Летам у “пікавыя” дні прапаноўваюць ставіць разборную сцэну, цалкам ізаляваную ад машын. А зімой пакідаць толькі безбар’ернае асяроддзе. Дарогу паміж павільёнамі, па якой цяпер ездзяць аўтамабілі, хочуць аддаць пад арт-аб’екты.

Навошта нацягваць сетку на дзвярную раму

Выказалі і іншыя ідэі. Паміж крамамі могуць з’явіцца столікі з лаўкамі. Побач са сметніцамі за павільёнамі – біятуалеты. На месцы маленькай паркоўкі бліжэй да мэблевага магазіна – зона гульняў і адпачынку, незалежная ад продажу ежы. А перад магазінам – арт-аб’екты і выстава.

Удзельнікі паказалі дарагі і бюджэтны варыянты безбар’ернага асяроддзя. Па першым трэба зраўняць тры ўзроўні, якія існуюць цяпер: дарогу, тратуар і лесвіцы павільёнаў. Па другім – пакінуць узровень дарогі, але зрабіць яго дасяжным да лесвіц павільёнаў, выкарыстоўваючы здымныя пандусы.

Разгледзелі таксама дэталі. Зборны і разборны варыянты сцэны. Рэчы, створаныя з другаснай сыравіны, буйнагабарытных адходаў. Напрыклад, “лаўкай” можа стаць непатрэбная драўляная рама, на якую чапляецца сетка. Вядома, часам нешта прападае, вандалізм ніхто не адмяняў, але такія рэчы лёгка замяняльныя, лічаць госці.

Упрыгожаць вуліцу падвяснымі парасонамі

Азеляненне і асвятленне таксама не абышлі ўвагай. Яшчэ адна група выказала ідэі па добраўпарадкаванні вуліцы.

– Месца заасфальтаванае, шмат новага не паставіш. Таму думалі пра пераносныя элементы. Тыя ж лаўкі з паддонаў, па краях якіх пасаджаныя расліны, напрыклад, каласняк, а побач можна паставіць ровар, – выказала ідэю ландшафтны дызайнер з літоўскага Каўнаса Любоў Вінслове.

З раслін сярод іншага могуць пасадзіць сланечнікі, бо яны адналетнія і не патрабуюць асаблівага догляду.

Асвятляць прапанавалі высокімі ліхтарамі ці падвясной падсветкай. А падчас святаў параілі ўпрыгожваць гірлянды сцяжкамі, парасонамі, сэрцайкамі і нават невялікімі гарбузамі – да Хэлуіна.

На мерапрыемстве студэнтка 2 курса маладзечанскай гімназіі-каледжа мастацтваў Кацярына Хадаровіч прэзентуе варыянты прамой і правіслай, развешанай хаатычна падсветкі на вуліцы Ката Францыска.

Карысную прастору для крэатыву знайшлі і на даху мэблевага магазіна. Менавіта там прапанавалі размясціць кадкі з раслінамі, лаўкі і нават маленькую абсерваторыю.

Дэпутат па акрузе Б. Хмяльніцкага Раман Жаўняровіч дапамагае ў рэалізацыі гэтага праекта яшчэ з таго моманту, як да яго звярнуліся арганізатары. “Яго прысутнасць – гэта ўжо сумесная праца над праектам”, – кажа адзін з арганізатараў праекта Ганна Холад. Жаўняровіч лічыць, для стварэння праекта трэба трымацца правілаў.

– Ёсць ініцыятыва, яе трэба рэалізаваць. Але спачатку трэба ўсё ўзгадніць. Напрыклад, ператварэнне вуліцы ў пешаходную цягне за сабой змену дарожнага руху. Значыць, праект трэба ўзгадніць з ДАІ. Ідэя – гэта добра, але трэба падысці да яе практычна. І неабавязкова рабіць толькі летні праект, зімой шмат святаў, вуліца можа функцыянаваць заўжды.

Фота Таццяны КАСЬЯН.

Як у Маладзечне нараджаюцца ідэі, якія пасля змяняюць горад (Відэа)

«Маладзечна як брэнд». Правялі трэцюю сустрэчу дыскусійнага клуба «Маладзечна гаворыць» (Фота)

У Маладзечне могуць стварыць парк для спатканняў

• Текст доступен на языке: Русский