Як паведамляе Радыё Свабода, 50-гадовая настаўніца сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў Марына Пархімовіч загінула 11 лютага пасля нападу вучня той жа школы Вадзіма М. Пра жанчыну Свабодзе расказала яе траюрадная сястра Раіса.

28 гадоў працавала настаўніцай у Стоўбцах

Марына Пархімовіч нарадзілася ў вёсцы Шашкі, за 20 км ад Стоўбцаў. Скончыла школу з залатым медалём, педагагічны інстытут скончыла таксама з адзнакай. У інстытуце яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Пэўны час ён таксама працаваў настаўнікам. У сям’і Пархімовічаў яна была малодшай з трох дачок. Маці ў розны час працавала на пошце, у пякарні і на ферме даяркай. Бацька быў трактарыстам, памёр больш за 15 гадоў таму. Мама жыве дагэтуль у роднай вёсцы.

Пасля атрымання дыплома Марына Пархімовіч выкладала ў сярэдняй школе ў Хатаве, каля Налібацкай пушчы. Апошнія 28 гадоў яна працавала настаўніцай гісторыі і французскай мовы ў Стоўбцах. Дзесяць гадоў таму Марына Пархімовіч была кіраўніцай «кадэцкага» класа, у якой рыхтавалі будучых міліцыянтаў. Усе яе вучні паступілі ў Акадэмію МУС і ўсе 13, як скончылі, вярнуліся потым працаваць у Стоўбцы.​

Раіса Міхайлаўна.

«Адна жанчынка захварэла і папрасіла Марыну выйсці замест яе»

Побач са школай №2, дзе жанчына трагічна загінула, у ветэрынарнай аптэцы працуе яе траюрадная сястра Раіса. Вокны яе працоўнага месца выходзяць на вокны школы. Школа праз дарогу, за некалькі дзясяткаў метраў ад аптэкі.

«У панядзелак я во толькі прыйшла на працу, распаліла печку, звоніць тэлефон. І пытаюцца, ці ведаю я нешта. Называюць прозвішча Пархімовіч. А я ведаю, што ў школе тры настаўніцы з такім прозвішчам. Я зачыніла дзверы і сама пабегла пад школу. Хаджу, распытваю людзей там. Як сказалі мне, што па бацьку Міхайлаўна, то я ўсё зразумела, што гэта наш род, наша бяда».

Паводле сваячкі забітай настаўніцы, Марына Пархімовіч загінула ў панядзелак падчас урока, які не павінна была весці.

«Адна жанчынка захварэла і пайшла на прыём у паліклініку. І яна папрасіла Марыну выйсці замест яе. Гэта не быў яе ўрок», — кажа Раіса Міхайлаўна.

«Яна ўсім хацела памагаць»

У Марыны Пархімовіч засталіся муж і двое дзяцей. Сыну 30 гадоў, дачцэ 24. Нядаўна нарадзілася ўнучка.

«Дзеткі ў Марынкі вельмі харошыя. Мама яшчэ ж жывая, хавала ўчора дачушку сваю. Яе мама — мая хросная. Яна ж, бедная, ледзьве трывала гэтыя дні. Я была дома ў іх на дзень перад пахаваннем. Ёй дактары лекаў надавалі, яна выйсці не магла. Я на пахаванні вяла яе пад руку, бедная цёця Марыя. Марынка ж да мамкі часта ездзіла. Мамачка, кажа, я цябе дагледжу. Памагала ёй агарод садзіць, дбала, каб хораша было. Усё зіхацела ў яе. І суседкі плакалі ўчора, узгадваючы. Яна прыедзе ад маці і пытаецца ў суседак: «Мо ў цябе гурочкі не ўрадзілі ці памідоры. Я дам». Яна ўсім хацела памагаць».

Шлях Марыны з дома на працу вядзе акурат ля вокнаў аптэкі, дзе працуе сястра.

«Яна ж кожны дзень бегла па гэтай во вуліцы. Я яе бачыла праз акно кожны дзень. Перагаворымся з ёй, як там мамка, як дзеткі. Перадавай, кажа, маме прывет. Яна была настолькі добры чалавек. Я ўзімку раблю з зачыненымі дзвярыма, а з красавіка па восень дзверы ў мяне адчыненыя. Яна ў школу бегам-бегам. Да яе вучні самі ішлі натоўпамі. Як нейкае свята, дык дзеці самі ідуць. Нядаўна быў вечар сустрэчы. Яна ж нарад сабе купіла. Такая задаволеная пайшла сустракацца з вучнямі».

«Яна аддавала дзецям усё. А цяпер, высвятляецца, і жыццё»

Праз чатыры дні пасля здарэння Стоўбцы ўсё яшчэ жывуць гэтай трагедыяй. Мясцовыя жыхары абмяркоўваюць гэтае здарэнне і яго прычыны наўпрост на вуліцы. Як паведаміў Следчы камітэт, згодна з вынікамі медыцынскага агляду, падазраваны не знаходзіўся ні ў стане алкагольнага ап’янення, ні пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

«Я сёння прачнулася ў 3 гадзіны ночы і малілася. Прашу: Божачка, дай рассудзіць па справядлівасці. Дай нам праўду. Чаму гэтае дзіцё так нарабіла? Людзі ж гавораць рознае. Што яго прымусіла? І яго ж хваляць многія, што добры, спакойны быў. Божачка, дай розум, каб справядліва рассудзіць. Чаму гэта ўсё так жорстка? А ўсіх жа шкода. Але Марынкі нашай ужо ўсё роўна ніхто не верне».

У школе нумар 2 заняткі аднавіліся ўжо на наступны дзень пасля трагедыі. Але і вучні, і настаўнікі яшчэ доўга не забудуць той трагічны панядзелак, калі абарвалася жыццё Марыны Пархімовіч, гаворыць Свабодзе яе калега з гімназіі Людміла Назаранка.

«Я ніколі не бачыла, каб яна не ўсміхнулася. Прыгожая жанчына. Яна была настолькі адкрытая. Я ўяўляю, як дзецям было добра каля яе. Мы былі не так даўно на конкурсе вучнёўскіх даследчых прац па краязнаўстве і гісторыі. Яна была сёлета кіраўніком журы, праявіла незвычайны інтарэс. Яна глядзіць дзіцяці ў вочы і пытанне за пытаннем. А потым кажа: «Ты не думай, я цябе не пытаю як сябра журы. Мне і самой цікава. Ці мог бы ты прыйсці ў нашу школу і расказаць нам?» Яна не глядзела, што ёсць адна школа, і другая, ці трэцяя, што нейкая канкурэнцыя паміж імі. Для яе галоўныя былі дзеці. Яна аддавала ім усё. А цяпер, высвятляецца, і жыццё».

• Текст доступен на языке: ruРусский