Пакуль у сталіцы шмат пішуць і гавораць пра тое, што да канца 2020 года пацыентаў будуць прымаць дактары агульнай практыкі, у Смаргоні ў канцы студзеня адчынілі цэлае аддзяленне, дзе працуюць выключна такія дактары.
Пра работу другога тэрапеўтычнага аддзялення карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» расказала загадчыца Вольга Лукашэвіч.

– 25 студзеня наша аддзяленне ўрачыста адкрылі, але па прынцыпе доктара агульнай практыкі працуем ад жніўня мінулага года. У аддзяленні – дзевяць дактароў. Большая частка – спецыялісты да 30 гадоў, спецыяльнасць «доктар агульнай практыкі» атрымалі ў медыцынскіх універсітэтах. Аднак ёсць і перавучаныя з тэрапеўтаў.

Па словах загадчыцы, якая сама перавучылася на доктара агульна практыкі, вучыцца трэба два месяцы. Месяц – на тэрапеўтычны профіль. Тут доктар атрымлівае ўменні эндакрынолага, афтальмолага, оталарынголага.

Яшчэ месяц – на хірургічны профіль. Гэта накладанне павязкі, апрацоўка ран і пролежняў. На пытанне, ці не мала двух месяцаў для такой сур’ёзнай вучобы, Вольга Лукашэвіч адказвае, што дастаткова. Усё ж доктар не будзе пасля працаваць хірургам.

Доктар агульнай практыкі мае каманду. Акрамя доктара, тут медсястра і памочнік. Кожны з іх можа прымаць пацыентаў самастойна, згодна са сваімі абавязкамі.

Што можа рабіць памочнік доктара

Памочнік – фельчар або медсястра з вышэйшай адукацыяй. На прыёме з доктарам сядзіць медсястра. Памочнік асобна – у кабінеце даўрачэбнай дапамогі.

– Раней памочнік доктара не меў такога кола абавязкаў, як пасля ўвядзення доктара агульнай практыкі. Цяпер жа ў кабінеце памочніка акрамя камп’ютара ёсць кардыёграф, глюкометр, табліца для праверкі зроку, атаскоп – прыстасаванне для абследавання вуха, неўралгічны малаток, пікфлометр, каб памераць аб’ём лёгкіх, – распавядае загадчыца.

Вам даведку ў басейн? Не трэба да доктара

Цяпер, каб атры маць даведку ў басейн або рэцэпт, не трэба сядзець у чарзе да доктара. Усё выпіша памочнік. Пацыент без талона ў даўрачэбны кабінет да памочніка займае чаргу. І ўсё ж у ідэале – трэба замовіць талон і да памочніка.

Але такіх замоў пакуль мала. Пацыенты па­ранейшаму прывык лі больш давяраць менавіта доктару.

Кожны з членаў медыцынскай каманды – доктар, медсястра і памочнік – маюць камп’ютары на працоўным месцы. У іх – электронныя дзённікі, электронныя рэцэпты. З часам і карткі пацыентаў стануць электроннымі, сцвярджае загадчыца.

І ўсё ж на медагляд – да вузкіх спецыялістаў

Ва ўсіх паліклініках пацыентаў дзеляць на тры катэгорыі: Д1 – здаровыя, Д2 – у групе рызыкі, Д3 – людзі з хранічнымі паталогіямі, інваліднасцю. За першымі дзвюма групамі замацаваны памочнік доктара. За трэцяй – доктар, памочнік і медсястра.

Напрыклад, для таго, каб выпісаць рэцэпт чалавеку з інваліднасцю, зрабіць укол ці перавязку, дадому да хворага ідзе медсястра. Пацыентаў з групы Д1 і Д2 на абследаванне выклікае памочнік.

– З якімі праблемамі пацыент цяпер ідзе да доктара агульнай практыкі, а раней хадзіў да неўролага?

– Са скаргамі на пастаянны галаўны боль, боль у спіне, у пазваночніку. Доктар агульнай практыкі можа ацаніць неўралагічны статус пацыента. Вядома, калі гэта інфаркт або анкалогія, мы перанакіруем хворага да вузкага спецыяліста.

– Можа, цяпер і медагляд можна праходзіць у доктара агульнай практыкі?

– Не. Гэта да вузкіх спецыялістаў. Але калі па нейкай прычыне няма неўролага ці іншага спецыяліста, то мы можам падпісаць медагляд.

– Заробак доктара агульнай практыкі значна вышэйшы, чым у тэрапеўта? Абавязкаў жа больш.

– Аклад доктара агульнай практыкі сапраўды вышэйшы за аклад тэрапеўта. Але нязначна.

– Ці не атрымоўваецца так, што з увядзеннем дактароў агульнай практыкі пацыент атрымае менш кваліфікаваную дапамогу? 

– Наўрад ці. Зразумейце, што калі доктар агульнай практыкі ўбачыць нейкую сур’ёзную праблему, ён у любым выпадку накіруе хворага да вузкага спецыяліста. Калі сістэма дактароў агульнай практыкі будзе працаваць, як трэба, гэта задаво ліць і пацыентаў, і дактароў, – лічыць Вольга Адамаўна.

На новых калідорах паліклінікі – увесь час людзі. Але няшмат. Магчыма, адкрыццё аддзялення вырашыць адну з асноўных праблем – чэргі ў медустановах.

А сталічным дактарам варта павучыцца ў смаргонскіх

А што думаюць смаргонцы пра ўзровень медыцыны ў сваім горадзе?

Алена, педагог:

– Стан медыцыны ў Смаргонi не зусiм здавальняючы. Хацелася б менш фармалiзму, штучных стандартаў, клопату пра людзей, а не пра сістэму.

Іван, дачнік:

– Маю кватэру ў Мінску. На Смаргоншчыну, у родную хату, прыязджаю часта. Магу параўнаць медыцыну ў сталіцы і ў Смаргоні. Мінскім дактарам трэба павучыцца ў смаргонскіх чалавечым адносінам да хворых.

• Текст доступен на языке: Русский