Не так даўно жыхары мікрараёна Карані ў Смаргоні бачылі пушкі і салдат у форме Першай сусветнай вайны. Тут здымаў кіно рэжысёр са сталіцы Аляксей Туровіч.

 
Наш рэгіён – Ашмяны, Смаргонь, Вілейка, Маладзечна – не чужыя Аляксею. Як не чужыя тэмы Першай сусветнай і сталінскіх рэпрэсій.

У Карлаўшчыне было сапраўднае дзяцінства. Толькі без бацькоў

У тры гады Аляксей трапіў у Карлаўскі дзі­цячы дом, што каля вёскі Семернікі на Ашмяншчыне.

– Менавіта з Карлаўскім дзіцячым домам у мяне звязаныя самыя прыемныя дзіцячыя ўспаміны. Тут было сапраўднае дзяцінства, толькі без бацькоў, – прыгадвае Аляксей. – Гэта прыгожае, проста містычнае месца. Побач возера. Тут вельмі добра адносіліся да нас, дзяцей. Пра тыя гады я зняў фільм «Мая Карлаўшчына».

У Карлаўскім дзі­ця­чым доме Аляксей жыў да сямі гадоў. У 1966-м установу рас­фарміравалі. Пры­ехала некалькі грузавых ма­шын і дзяцей перавезлі ў дзіцячы дом у Воранаве. Тут хлопец правучыўся першы клас, а пасля трапіў у такую ж установу ў Ашмянах. У ёй выхоўваўся і родны брат Аляксея Віктар Туровіч.

–  Маці наведвала нас раз на год. І спрыяла таму, каб мы, браты, былі разам, – кажа мой субяседнік.

Не разумеў, чаму павінны быць, як усе

У Ашмянах хлопец вучыўся ў школе. Кажа, бянтэжыла савецкая ідэалогія, не разумеў, чаму дзяцей выхоўвалі, як робатаў, чаму ён павін­ны быць такім, як усе. Пасля школы адвучыўся ў Вілейцы на трактарыста. На Вілейшчыне быў на практыцы ў вёсцы Асавец, што побач з Куранцом.

Аляксей Туровіч у форме афіцэра Першай сусветнай.

Працаваць пачынаў у калгасе ў Насілаве, што на Маладзечаншчыне. Жыў на кватэры ў вяс­ковых гаспадароў у Зас­ценках. Яны навучылі яго сялянскай працы: касіць і складаць сена, даглядаць за жывёлай. Пасля войска шмат ездзіў па свеце.

Як прыйшоў у кіно

– У 1995 годзе вярнуўся ў Беларусь, у Мінск, – прыгадвае Аляксей. – У адной з газет убачыў аб’яву, што тэатр-студыя кінаакцёра пры «Беларусьфільме» набірае на вучобу. Тэатр мне падабаўся. Калі жыў у Ніж­невартаўску, быў акцёрам-аматарам.

Так Аляксей трапіў на курс да Ігара Дабралюбава – рэжысёра, які здымаў «Белыя Росы». Вучыўся стацыянарна. Атрымаў дыплом акцёра тэатра і кіно. Зняўся ў фільмах «Кветкі правінцыі», «Эпілог», разам з Мікалаем Яроменкам – у фільме «Сын за баць­ку». Як пазаштатнік шмат працаваў на тэлебачанні.

Чаму пяцёра не маглі скруціць аднаго

Рэжысёрам Аляксей стаў працаваць ад па­чатку 2000-х. Зняў філь­мы «Адзін, зусім адзін», «Сынок», «Яблык поўні». Найбольш маш­табная праца рэжысёра Туровіча – фільм­ «Жоўты пясочак» па творы Васіля Быкава.

– Неяк я апынуўся ў вельмі складанай жыццёвай сітуацыі, ся­дзеў у турме. І даў сабе слова: калі выжыву, аба­вязкова здыму «Жоў­ты пясочак», бо адчуваў сябе вельмі падобным да яго герояў.

Сюжэт апавядання просты: работнік НКВД вязе з турмы на машыне пяцярых чалавек: роз­ных па ўзросце і сацыяльным статусе. Сярод іх і селянін-аднаасоб­нік, і шчыры камуніст, і звычайны маскоўскі злодзей. Усіх чакае адно – расстрэл.

– Многія пыталіся: як так можа быць, што пяць чалавек не скруцілі ад­на­го нкусаўца і не­ збеглі? – кажа Аляк­сей. – А я разумею: гэта былі людзі, якіх сістэма зламала маральна.

Фільм «На смаргонскім фронце без змен» здымаў за свае грошы

Сёння рэжысёр ужо адзняў матэрыял да філь­ма «На смаргонскім фронце без змен» – гульнявое кіно пра Першую сусветную. У фільме – падзеі 1915 года на Смаргоншчыне, калі гінула шмат людзей, былі вялікія газавыя атакі.

Аднак фільм не столькі пра вайну, колькі пра стан душы чалавека на вайне, кажа Аляксей. У аснове сюжэта – гісторыі артылерыста Генадзя Маркоўскага. У 1915 ён пайшоў добраахвотнікам у расійскае войска і адразу трапіў на лінію фронту ў Смаргонь. Адсюль ён піша лісты сваёй дзяўчыне Ніне. Расказвае пра жахі і бессэнсоўнасць вайны.

Акцёры пазіруюць у перапынках паміж здымкамі.

Генадзь Маркоўскі выжыў у той вайне. На яго ўспаміны Аляксей Туровіч натрапіў у архівах.
Фільм рэжысёр зды­маў за свае грошы: якраз прадаў нерухомасць. Ка­­жа, звяртаўся «Бела­русьфільм» па дапамогу, але яе не атрымаў.

– Фільм здымаў па ўласным сцэна­рыі. Паказаў там Аляксандру Тал­стую, – кажа Аляксей. – Смаргонь вельмі пацяр­пела ў той вайне, уся была разбураная. Зас­таўся толькі касцёл.

Форму прымераў, але не здымаўся

Сам Аляксей на здымках прымераў форму афіцэра Першай сусветнай, але не здымаўся, было шмат рэжысёрскай працы. Кажа, можа з’явіцца недзе ў кадры на паўхвілінкі.

Вядомых акцёраў у фільме няма. Па словах Аляксея, на іх не хапіла б грошай. Але незнаёмыя твары ў кадры, на думку рэжысёра, таксама добра. Тым больш, практычна ўсе згодныя былі працаваць на валанцёрскіх пачатках.

Цяпер трэба адабраць матэрыял, змантаваць яго. А гэта працы, як мінімум, на год.

Фотаздымкі забяспечаныя Аляксеем Туровічам.