Пра гэта паведамляюць на сайце грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Па-сапраўднаму нечаканым і адначасова прыемным стала з’яўленне ў месцах свайго рэгулярнага гнездавання першых шэрых гусей і шэрых жураўлёў. Як паведаміў Іван Каляда, 10 лютага адзінкавыя пары  птушак заўважылі каля ўрочышча Зляціна на паўднёва-заходняй ускраіне Белавежскай пушчы. Гэта нядзіўна, бо апошнімі гадамі расце колькасць жураўлёў на зімоўцы на ўсходзе суседняй Польшчы. Апрача таго, у папярэднія зімы былі адзінкавыя факты зімоўкі гусей і жураўлёў на тэрыторыі нашага Нацыянальнага парку.

У той самы дзень у пойме ракі Лясной Правай ля вёскі Вялікае Селішча Віктар Андрушкевіч адзначыў вялікую белую чаплю. 11 лютага ў ваколіцах вёскі Панасюкі пара лебедзяў-клікуноў па-вясноваму гучна “трубіла” на мясцовай, пакуль усё яшчэ замерзлай, залітай торфапляцоўцы. Некалькі дзён запар 6 гусей-гуменніц рэгіструюцца на рацэ лясной ля вёскі Вугляны (паведамленне Віталя Кузько). Тамсама 11 лютага азначаныя першыя кнігаўкі – пра гэта паведаміў Іван Іванюковіч. Усе гэтыя назіранні можна з пэўнасцю канстатаваць менавіта як факт першага вясновага з’яўлення ўсіх пералічаных вышэй водна-балотных відаў птушак, бо падчас снежаньскіх назіранняў і зімовых улікаў гэтыя віды не рэгістраваліся.

13 лютага на захадзе нашай краіны былі адзначныя першыя сёлета палявыя жаўрукі (Alauda arvensis), за якімі, без сумневаў, хутка прыляцяць і іншыя віды птушак, якія ў нас не зімавалі. І хаця гэтая падзея адбылася сёлета  амаль на 20 дзён раней, чым летась, гэта не «рэкордны» прылёт — у 2016-м першых жаўрукоў бачылі ў Беларусі ўжо 9 лютага.

Лебеди-кликуны

Лебедзі-клікуны. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Іншых нашых блізкадыстанцыйных мігрантаў (якія зімуюць у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе) пакуль не бачна, але таксама на Бераставіччыне Дзмітры і Юры адзначылі вялікую чараду лебедзяў-клікуноў (Cygnus cygnus), якія яўна не зімавалі тут у такой колькасці. Цікава, што яшчэ тыдзень таму згаданыя арнітолагі  адзначылі тры асобныя пары гэтых птушак, якія перш чым прыступіць на размнажэння, павінны «пакінуць без дагляду» сваіх птушанят з мінулага года, а 13 лютага ўбачылі і такіх маладых клікуноў, якія трымаліся разам сямейнымі групамі, але яўна без дарослых.

Грачи

Гракі. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

У гнездавой калоніі ў м. Вялікія Эйсманты (Бераставіцкі раён), гракі (Corvus frugilegus) актыўна збіралі матэрыял і папраўлялі свае гнёзды. Паводле апошніх уяўленняў, у нас зімуюць як «нашы» птушкі, якія потым у нас жа і гняздуюцца, і птушкі з больш паўночна-ўсходніх рэгіёнаў — напрыклад, Расіі. Частка ж беларускіх гракоў ляціць на зімоўку ў Чэхію і Германію.

Аднак, нягледзячы на яўны надыход вясны, пра які птушкі даведваюцца не толькі дзякуючы адлізе, але, у асноўным, праз паступовае павелічэнне светлай часткі сутак, зіма не збіраецца канчаткова адступаць, і пасля абеду ў даліне Нёмана і Свіслачы сыпаў снег:

Як адрэагуюць на гэта наступныя мігранты, даведаемся ўжо ў найбліжэйшыя дні, бо звычайна птушкі ўмеюць нашмат лепш за сіноптыкаў прагназаваць надвор’е.

• Текст доступен на языке: Русский