Вілейка багатая сваім гістарычным мінулым. Тут захавалася забудова канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў з асаблівай унікальнай архітэктурай.

«Многія дамы таго часу – помнікі архітэктуры, да дэталяў патрабуецца павышаная ўвага, – адзначае галоўны архітэктар раёна, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама Дзмітры Гарланаў. – Кожны дом, у якім правялі капрамонт фасада або плануюць нейкія працы, павінен адпавядаць і гарманічна ўпісвацца ў адзінае архітэктурна-стылістычнае аблічча горада. А да гістарычных будынкаў у гэтым плане асаблівая ўвагу, каб максімальна захаваць іх першапачатковы выгляд».

2011 год.

Дом па Чырвонаармейскай будаваўся ў пачатку 20 стагоддзя ў стылі мадэрн. Двухпавярховы будынак першапачаткова быў накрыты чарапічным дахам. Цікавым элементам яго дваровага фасада з’яўляецца стылізаваны двухкалонны порцік з балконам і чыгуннай агароджай. А адметнай і ўнікальнай асаблівасцю бакавых фасадаў – размешчаныя ў хаатычным парадку, розныя па форме і велічыні вокны – авальныя,  вузкія і шырокія. Будынак мае і падвальнае памяшканне.

Дом з’яўляецца часткай гісторыка-горадабудаўнічага ансамбля цэнтральнай часткі горада, дзе побач размяшчаецца будынак стаматалагічнай паліклінікі – помнік архітэктуры з рысамі неаготыкі і класіцызму, будынак духавога аддзялення музычнай школы – былы клуб для польскіх ваенных і гарадскі тэатр – помнік архітэктуры з элементамі класіцызму.

Дом па Чырвонаармейскай цяпер рамантуюць, і неўзабаве гэты будынак паўстане ў абноўленым выглядзе.

– Зараз змяняем дахавае пакрыццё, часткова – кроквенную сістэму, – распавядае начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Валянціна Генк. – Будынак будзе ў карычневых танах з цёмна-карычневым дахам. Адрамантуем вентшахты, коміны, цалкам адрамантуем фасад, заменім інжынерныя  сеткі. Увесь праект быў распрацаваны так, каб захаваць гістарычнае аблічча – і авальныя, квадратныя, прастакутныя акенцы на фасадах будынка будуць захаваны, толькі замененыя на сучасныя.

Пагутарыўшы з будаўнікамі на самім аб’екце, мы даведаліся, што тут знайшлі фрагменты старадаўняй чарапіцы, якой раней быў пакрыты дах будынка. А на паддашкавым памяшканні знайшлі старыя польскія і савецкія газеты, фрагменты графінаў царскага часу.

Галоўны архітэктар раёна Дзмітры Гарланаў распавёў нам, што пры далейшым добраўпарадкаванні горада плот каля гістарычнага дома па Чырвонаармейскай дэмантуюць і аформяць зялёную зону, як гэта павінна быць перад кожным шматкватэрным домам.

Фота аўтара і забяспечанае mlyn.by аддзелам архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама.

• Текст доступен на языке: Русский