Сярод маіх герояў – дарослыя людзі і немаўля, школьнік, журналістка і паэт. А аб’ядноўваюць іх усіх незвычайныя імёны… Хаця, магчыма, якраз звычайныя. Самыя звычайныя беларускія імёны.
Рагнед з Мядзельшчыны: Бацькі хацелі дзяўчынку Рагнеду
Паэт Рагнед Малахоўскі жыве на Мядзельшчыне. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Магаданскай вобласці. У сям’і ўжо гадаваўся старэйшы брат са звычайным імем Дзяніс.
Бацькі замест хлопчыка чакалі дзяўчынку. Вырашылі назваць дачку Рагнедай, як полацкую князёўну. Ды толькі нарадзіўся хлопчык. Але я ў гэтым не вінаваты, часта падкрэслівае Рагнед.

Бацькі, Юры і Людміла Малахоўскія, вырашылі трансфармаваць імя Рагнеда ў мужчынскае. У мясцовым ЗАГСе здзівіліся, калі бацькі прыйшлі рэгістраваць сына. Але бацька пераканаў рэгістратарак, што ў Беларусі гэта распаўсюджанае мужчынскае імя.
Пасля сям’я вярнулася ў Беларусь. У школе хлопчыку не перашкаджала яго імя. Хутчэй наадварот.
Рагнед заўсёды лічыў, што з такім незвычайнам імем проста павінен быць неардынарнай асобай.
Сёння паэт Рагнед Малахоўскі мае некалькі паэтычных зборнікаў, займаецца вершаванымі перакладамі, піша музыку.
Адэля з каранямі з Маладзечаншчыны: у літоўцаў імя асацыявалася з бабулькай
Журналістка Адэля Дубавец, дачка паэткі з Маркава Таццяны Сапач і журналіста Сяргея Дубаўца, цяпер з сям’ёй жыве ў Кіеве.
– Бацькі назвалі мяне іменем мамінай бабулі. Прабабулю Адэлю я добра памятаю: каталічка, аптымістка з Вілейшчыны. Яна размаўляла на суперпрыгожай беларускай мове і ўсе лісты пісала лацінкай, – прыгадвае Адэля. – Супраць майго імя выступалі мае бабулі. Адна з іх – Адэліна дачка, Марыя. Ім, відаць, здавалася, што яно занадта вясковае.
Адэля гадавалася ў Вільні. У шматкультурным горадзе на імя дзяўчынкі ніхто асаблівай увагі не звяртаў.
– І ўсё ж часам літоўцы здзіўляліся. У іх Adelė асацыявалася з вясковай бабулькай, – дзеліцца жанчына.
Калі ў 2000-я Адэля Дубавец прыехала вучыцца ў Мінск, яе імя было экзотыкай. Усе прасілі паўтараць яго па літарах, а хтосьці адразу запамінаў, як Анжэлу.

У сям’і Адэлю скарочана называюць Адзяй. Але ад менш блізкіх людзей такі варыянт імя ёй чуць непрыемна. Кажа, што ніколі не ўспрымала сябе Адэлькай.
Імя сваё Адэля любіць. Толькі ў дзяцінстве крыху адчувала дыскамфорт з-за пастаяннай увагі да яго, а потым прызвычаілася, што лёгка не будзе. Ва Украіне, дзе Адэля жыве цяпер, рэакцыя на імя заўжды аднолькавая: «Як-як? О, якое прыгожае імя!»
У Адэлі з мужам Паўлам – дачка і сын – Зоя і Юльян. Зоя – па імені Адэлінай бабулі, Юльян – у гонар дзядулі мужа.
– Для мяне гэта натуральная сітуацыя – каб імёны жылі ў сям’і, пісалі яе гісторыю, радавод, – падсумавала субяседніца.
Верас з Вілейкі захапляецца гісторыяй, маляваннем, музыкай
Верасу Лужынскаму амаль 11 гадоў. Хлопчык жыве ў Вілейцы. Ласкавыя імёны – Верык і Верасок.
– Імя Верас у беларускай прасторы – мая даўняя мара, – кажа мама хлопчыка, Эла. – Калі ў іншых народаў існуюць Эрык, Хіт, што ў перакладзе значыць Верас, то чаму не можа быць Вераса ў краіне верасоў?
Як расказала Эла, асаблівага абрання імя не было. Проста вырашылі, што будзе Верас. Эла і яе муж Аляксей цалкам раздзялялі погляды і на імёны, і на беларускасць. Для бацькоў яшчэ было важна, што імя па гучанні моцнае, шчырае, для мужчыны – у самы раз. Калі б нарадзілася дзяўчынка, магчыма, назвалі б Вяйлянай.
– Вельмі падабаецца назва ракі Вялля, – дзеліцца Эла.
Сваякі па-рознаму ўспрынялі імя. Адны – станоўча. Іншыя – больш крытычна, але з часам прывыклі і ўпадабалі. З рэгістрацыяй Вераса ў ЗАГСе праблем не ўзнікла. Тут вельмі добрыя супрацоўнікі, адзначае Эла.

Імя многія ўспрымаюць не як беларускае, а як балцкае, літоўскае. Мы не аспрэчваем, а калі чалавек з шырокім кругаглядам, можам распавесці ўсю праўду пра імя, кажа Эла. У яго аналагаў дастаткова, цікавая індаеўрапейская гісторыя і міфалогія.
Сам Верас сваё імя ўспрымае спакойна. Ведае, што па-англійску можа называцца Эрык. Часам так і робіць. Верас Лужынскі вучыцца ў пятым класе, захапляецца гісторыяй, маляваннем, праграмаваннем, тэхнікай, вучыцца іграць на гітары і флейце.
Бацькі Альгерда і Тодара з Маладзечна: у ЗАГСе пыталіся, ці добра мы падумалі
Браты Альгерд і Тодар Палонскія – самыя маленькія з нашых герояў. Альгерду – тры з паловай гады, Тодару – тры месяцы. Пра імёны хлопчыкаў і пра іх саміх гутарым з бацькам Юрыем Палонскім.
– Калі з жонкай Вольгай чакалі першага сына, адразу вырашылі, што дадзім яму імя чалавека, які шмат значыў для гісторыі Беларусі, быў знакамітай асобай. У той жа час хацелася, каб імя не было распаўсюджаным. Спыніліся на вялікіх князях. Сярод маіх знаёмых ужо былі Вітаўты, а вось Альгерда не было. Таму першага сына назвалі менавіта так.
Хочацца, каб наш Альгерд ганарыўся сваім імем. Каб, указваючы яму на яго дрэнныя ўчынкі, мы маглі б сказаць: навошта ты так робіш, ты ж маеш такое слаўнае імя, – кажа Юры.
Калі ў сям’і чакалі другое дзіця, былі ўпэўненыя: народзіцца дзяўчынка. Абралі імя Адэля. Але нарадзіўся хлопчык. Яму далі імя Тодар. Гэта старэйшы сын князя Альгерда, таксама знакамітая для гісторыі Беларусі асоба.

– Калі рэгістравалі Альгерда, у маладзечанскім ЗАГСе казалі: ды выберыце вы нармальнае імя. Калі ж прыйшлі рэгістраваць Тодара, у нас пыталіся, ці добра мы падумалі, – прыгадвае Юры.
Калі сям’я гуляла з Альгердам і прахожыя пачулі, як завуць хлопчыка, падышлі і спыталі: «Вы – немцы?».
Бабулі і дзядулі хлопчыкаў імёны ўспрынялі са здзіўленнем. Але цяпер прывыклі і нават ганарацца, што ўнукі ў іх не як ва ўсіх, а Тодар і Альгерд. А ласкава хлопчыкаў называюць Альгердзік і Тодзік.
• Текст доступен на языке: Русский