«Там, дзе не здолелі разабрацца ўладныя структуры і народныя абраннікі, нам дапамог сябра Беларускага Хельсінскага камітэта Эдуард Баланчук» – з такой заявай звярнуліся ў «Рэгіянальную газету» жыхары інтэрната па вуліцы Янкі Купалы, 126, што ў Маладзечне.

Эдуард Баланчук дапамог ім адстаяць права на бестэрміновы дагавор найму пакояў у інтэрнаце.

Пагражалі высяленнем

Да 2014 года, пакуль інтэрнат належаў ЗПМ, у жыхароў былі дагаворы на бестэрміновай аснове, заключаныя яшчэ ў 2009. Дагаворы зарэгістравалі ў Маладзечанскім райвыканкаме.

Праблемы пачаліся пасля перадачы інтэрната «Камунальніку». У 2016 годзе новы ўласнік разам з прафкамам прадпрыемства вырашылі, што памяшканні не могуць давацца на бестэрміновай аснове і прапанавалі заключыць дадатковае пагадненне на пяць гадоў. У адваротным выпадку пагражалі высяленнем.

Адміністрацыя «Камунальніка» спасылалася на Палажэнне аб інтэрнатах ад 5 красавіка 2013 года №269, згодна з якім арэнда жылога памяшкання ў інтэрнаце без указання тэрміну або бестэрмінова не прадугледжаная.

Не ўсе пага­дзіліся падпісваць да­да­т­ковыя пагадненні. Не­каторыя палічылі гэта парушэннем сваіх правоў.

– Людзей можна зразумець, – лічыць Эдуард. – Часовы характар жыллёвых адносінаў – гэта, у першую чаргу, нявызначанасць. Па артыкуле 60 Жыллёвага кодэкса дагавор найму жылога памяшкання, заключаны на вызначаны тэрмін, заканчваецца з завяршэннем тэрміну. Бестэрміновы дагавор гарантуе людзям, што іх не выселяць на вуліцу.

Тады кіраўніцтва «Камунальніка» вырашыла ў судовым парадку прымусіць траіх наймальнікаў заключыць дадатковыя пагадненні і накіравала позвы ў суд. Калі б «Камунальнік» гэты суд выйграў, дагаворы з вызначаным тэрмінам перазаключылі б з іншымі 35 арандатарамі. Пад ціскам адміністрацыі і страхам перад судом некаторыя ўсё ж падпісалі дадатковыя пагадненні.

– Права на жыллё прадугледжвае Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, ратыфікаваны Беларуссю. Згодна з дакументам, удзельнікі пакта прызнаюць права кожнага на дастатковы жыццёвы ўзровень яго і яго сям’і. Дастатковы жыццёвы ўзровень уключае дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і бесперапыннае паляпшэнне ўмоў жыцця.

Змяніць дагавор найму жылля ў аднабаковым парадку нельга

Калі жыхары інтэрната звярнуліся па дапамогу да Эдуарда Баланчука, той кансультаваў людзей, накіроўваў іх да дэпутатаў, у пракуратуру, у прафсаюз, выступаў у судах як прадстаўнік грамадскасці і гаварыў, што лічыць па гэтай справе Беларускі Хельсінскі камітэт.

На думку Эдуарда, змяніць дагавор найму на жыллё можна толькі са згоды абодвух бакоў. Прымус у падпісанні да­гавора недапушчальны за выключэннем тых выпадкаў, калі абавязак заключыць дагавор прадугледжаны заканадаўствам або прыняты добраахвотна. Пры гэтым ісцец не прывёў ніводнага доваду, чаму жыхары інтэрната павінны заключаць дадатковае пагадненне, кажа Эдуард і тлумачыць.

Летась у жніўні суд Маладзечанскага раёна адмовіў «Камунальніку». Аспрэчванне рашэння ў вышэйшай інстанцыі таксама не дало вынікаў. У кастрычніку Мінскі абласны суд пакінуў рашэнне Маладзечанскага суда без змен і жыхары захавалі права бестэрміновага найму жылля.

Што рабіць людзям, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі

Парады далі ў Беларускім Хельсінскім камітэце:

  • не верыць адразу чыноўнікам і нічога не падпісваць
  • аб’яднацца з сусе­дзямі
  • звярнуцца да адвакатаў і праваабаронцаў
  • улічыць, што ніводны дакумент не забараняе бестэрміновы найм жылля
  • калі пачынаюцца пагрозы і незаконныя дзеянні, звяртацца ў суд.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «РГ».