Фота YouTube.

Адным з асноўных насельнікаў нашых вадаёмаў з’яўляецца шчупак звычайны. Ранняй вясной, калі пачынаецца раставанне лёду, шчупак выходзіць на водмель, каб адкласці ікру.

Нераст праходзіць даволі бурна. Ікру шчупак адкладае на леташнія расліны. Працягласць нерасту залежыць ад умоў надвор’я і ў першую чаргу ад тэмпературы вады. Мінімальная тэмпература вады для нерасту шчупака складае +4. Пры спрыяльных умовах надвор’я нераст праходзіць некалькі дзён.

Адна самка шчупака адкладае ад 4, 5 да 240 тысяч ікрынак. Маляўкі з ікры з’яўляюцца праз 8-12 дзён пасля нерасту. У апошні час у Мядзельскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пачасціліся званкі ад рыбаловаў-аматараў аб нібыта існуючым пераносе забароны на лоўлю шчупака.

Таму нагадваем усім рыбаловам аб тым, што забарона на лоўлю шчупака ўсталяваная Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства.

У Беларусі лавіць шчупака забаронена ад першага сакавіка па 15 красавіка, а па Віцебскай вобласці – ад дзявятага сакавіка па 25 красавіка.

Заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь устаноўленая адказнасць за парушэнне Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Так, за незаконную здабычу рыбы ў перыяд забароны, шкоду спаганяюць у трохразовым памеры.

За кожнага незаконна здабытага шчупака прыйдзецца заплаціць 229 рублёў 50 капеек. Акрамя таго, парушальніка прыцягнуць да адміністрацыйнага штрафу ад 20 да 50 базавых велічынь (ад 510 да 1275 рублёў), а ў выпадку прычынення шкоды ў памеры сто і больш базавых велічынь (12 і больш асобін шчупака ў перыяд яе забароны) надыходзіць крымінальная адказнасць. У дадзеным выпадку пакаранне больш суровае, аж да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Калі вы не абыякавыя да прыроды роднага краю і вам стануць вядомыя факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, тэлефануйце ў Мядзельскую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету на нумар 8 (01797)50740, альбо на тэлефон даверу Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету 8 (017) 3900000, або на тэлефон міліцыі 102. Усю атрыманую інфармацыю ў абавязковым парадку правераць.

• Текст доступен на языке: Русский