Засек былую жонку, а пасля сам сябе катаваў: падрабязнасці жорсткага забойства пад Новы год

Падрабязнасці жудаснай і сумнай гісторыі ўзгадвае sb.by, піша nn.by. Адбылося ўсё 30 снежня 2017 года. У міліцыю паступіў званок: у пасёлку Сасновы Бор, што пад Светлагорскам, здарылася бяда. Невядомыя напалі на кватэру пенсіянераў: мужчыну катавалі, а яго жонку жорстка забілі.

73-гадовага пацярпелага К. шпіталізавалі. У яго былі нажавыя раненні на грудзях, электрычныя апёкі пальцаў рук. Пенсіянер распавёў: уварваліся двое ў масках, далей ён не памятае. У суседнім пакоі ляжаў труп яго жонкі, якую нібыта забілі нападнікі.

Вось толькі на справе ўсё было зусім не так.

Следчых засмуцілі некаторыя моманты. Нічога не бачылі і не чулі суседзі. У кватэры не было слядоў барацьбы. Па словах пацярпелага, яго трымалі за голае цела і білі токам тыя невядомыя нападнікі. Але ж у такім выпадку электрычны разрад атрымаў бы і сам «кат».

У выніку К. прызнаўся яшчэ ў бальніцы — нападнікаў ён выдумаў.

Выявілася, жонку забіў сам мужчына.

К. быў ваенным пенсіянерам, ураджэнцам Расіі, меў за плячыма некалькі шлюбаў, але асабістае жыццё ўсё не ладзілася. Шлюб з беларускай Валянцінай таксама разваліўся. Але пара набыла кватэру ў пасёлку Сасновы Бор. Куплялі на грошы жанчыны, але аформілі на мужа.

Пасля пара развялася. Жанчына засталася ў Беларусі, К. з’ехаў у Расію.

Праз 10 гадоў Валянціна захацела прадаць кватэру. К. быў не супраць, вярнуўся ў Беларусь, каб разабрацца з дакументамі. Але кватэра штосьці не прадавалася… І скончылася ўсё тым, што пажылая пара пачала зноў жыць разам. Вырашылі паспрабаваць яшчэ раз.

Суседзі казалі, што алкаголем ніхто з пенсіянераў не злоўжываў. Але былі іншыя праблемы — К. нібыта не вельмі хацеў траціць свае грошы на агульны побыт, за ўсё плаціла Валянціна. І ежа, і камунальныя паслугі аплачваліся жанчынай.

Валянціна не маўчала, выказвала К. свае прэтэнзіі. Зноў пачаліся сваркі. Размовы пра продаж кватэры таксама заканчваліся скандаламі.

Увечары 29 снежня Валянціна папрасіла К. адрамантаваць швабру. Раніцай той узяў сякеру і пачаў працу.

«Валянціна ў гэты час ляжала ў сваім пакоі на ложку і паклікала. Стала выказваць прэтэнзіі… Больш не вытрымаў здзекаў і ўдарыў яе сякеркай… зверху вастрыём па галаве, а потым яшчэ збоку. Валянціна спрабавала закрыцца рукамі ад удараў, але потым заціхла і засталася ляжаць на ложку. Зразумеў, што яна мёртвая», — казаў пасля К.

Мужчына вырашыў інсцэніраваць рабаванне. Узяў дрот, агаліў яго, прывязаў да пальцаў і ўставіў у разетку. Ад удару токам страціў прытомнасць (а адзін з пальцаў пасля ампутавалі).

Затым мужчына параніў сабе грудзі нажом і выклікаў міліцыю.

Пасля ў пенсіянера знайшлі псіхічнае расстройства. Але экспертыза паказала, што падчас забойства і пасля яго мужчына ўсё ж разумеў, што робіць.

У выніку К. асудзілі на 11 гадоў калоніі узмоценанага рэжыму.

• Текст доступен на языке: Русский