Віляйчанка адправіла «сяброўцы» у сацсетцы рэквізіты картак і пазбавілася больш за 1000 рублёў

Пасля перапіскі з сяброўкай жыхарка Вілейкі пазбавілася буйной сумы. Як высветлілася, старонку чалавека, ад імені якога вялася перапіска, «ўзламалі». Па факце крадзяжу грошай з карты ўзбудзілі крымінальную справу, піша МЛЫН.BY.

Старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Вілейскага РАУС Раман Кулага распавёў карэспандэнту МЛЫН.BY:

– Віляйчанка 1998 года нараджэння звярнулася ў міліцыю 13 лютага і распавяла, што з яе карт зніклі 900 і 180 рублёў. Грошы, па яе словах, былі спісаныя ў гэты ж дзень ад 20.56 да 22.18. Да гэтага дзяўчына ў сацсетцы дала рэквізіты «знаёмай», якая нібыта не магла перавесці грошы на сваю асабістую карту. Як высветлілася, ад імя сяброўкі віляйчанке пісаў невядомы, які ўзламаў рахунак.

Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Як адзначыў Раман Кулага, у аддзяленне крымінальнага вышуку працягваюць паступаць заявы ад пацярпелых з нагоды крадзяжу грошай. Ад пачатку года было ўжо чатыры такія звароты. Выкрадзеныя сумы розныя і даходзілі да тысячы рублёў. Прычым ва ўсіх выпадках крадзеж грошай адбыўся з-за няўважлівасці заяўнікаў і адмовай ад мінімальных мераў па фінансавай бяспецы, заўважыў прадстаўнік РАУС.

Спосабы крадзяжу з картак без выкарыстання самага «пластыка», але з прымяненнем рэквізітаў, прымітыўныя ў выкананні, працягвае старэйшы оперупаўнаважаны.

– Як правіла, усё адбываецца ў сацыяльных сетках. Акаўнт карыстальніка ўзламваюць, а затым просяць сяброў чалавека ў сацсетцы даць рэквізіты карты, каб на яе перавесці грошы. Пры гэтым тлумачаць, што яго карта па нейкіх прычынах не актыўная, або знаходзіцца ў банку на перавыпуску. У гэты момант пацярпелы нават не падазрае, што перапіска ў сацсетцы вядзецца зусім не з сябрам – злачынца загадзя атрымаў несанкцыянаваны доступ да персанальнай старонкі карыстальніка.

Зламысніку зусім не важна, картай якога банка вы карыстаецеся, і якая сістэма бяспекі працуе ў гэтым банку.

У аддзяленні крымінальнага вышуку ў чарговы раз заклікаюць не паведамляць рэквізіты сваіх карт.

• Текст доступен на языке: Русский