Ілюстрацыйнае фота vistanews.ru.

Цяпер Беларусь удзельнічае ў навукова-тэхнічнай праграме Саюзнай дзяржавы «ДНК-ідэнтыфікацыя». У яе рамках плануюць распрацаваць тэхналогіі, якія дазволяць вызначаць па ДНК этнагеаграфічнае паходжанне чалавека, яго папуляцыйную прыналежнасць, узрост, некаторыя прыкметы знешнасці (колер вачэй і валасоў, целасклад), піша zviazda.by.

Праграма разлічаная на пяць гадоў — з 2017-га да 2021-га. Вынікі збіраюцца прымяняць на практыцы. Напрыклад, пры знаходжанні на месцы забойства крыві ці сліны невядомага злачынцы, якога няма ў базе даных, будзе магчыма скласці яго партрэт.

Важны аспект для складання партрэта — псіхаэмацыянальныя асаблівасці чалавека. Флегматык ён ці халерык — залежыць ад генаў, і ніякае выхаванне не зможа гэта змяніць. Ёсць таксама ўчасткі ДНК, якія адказваюць за схільнасць да агрэсіі.

Ілюстрацыйнае фота krsk.aif.ru.

— Колькі будзе займаць прамая расшыфроўка геному, пакуль складана сказаць. Стандартная методыка, якая сёння прымяняецца пры расследаванні важных злачынстваў, робіцца на працягу пары дзён, — дзеліцца Сяргей Бароўка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

ДНК можна вылучыць з любога біялагічнага матэрыялу — валасоў, плямы поту. «Патрымайце аркуш паперы, і мы зможам вызначыць ваш генатып па пакінутым на аркушы следзе», — запэўнівае спецыяліст.

На генетычныя аналізы ў крыміналістыцы штогод ідзе больш за мільён долараў.

— Многія справы па цяжкіх злачынствах, якія не былі раскрыты дзесяцігоддзямі, следства змагло давесці да лагічнага фіналу дзякуючы вынікам генетычнай экспертызы. Інфармацыя, якую мы атрымліваем пры аналізе, можа паслужыць доказам як віны, так і, што важна, невінаватасці, — кажа Сяргей Бароўка.

Як прыклад ён успамінае адну з гучных спраў. З 1999-га па 2004 год на тэрыторыі Брэсцкай і Мінскай абласцей была здзейснена серыя згвалтаванняў. Судова-генетычныя экспертызы ўстанавілі, што злачынца — адзін і той жа мужчына, аднак знайсці яго не ўдалося. У кастрычніку 2014-га ў лясным масіве паблізу вёскі Новікі Драгічынскага раёна нейкі мужчына здзейсніў згвалтаванне.

Ілюстрацыйнае фота.

Аказалася, што генатып супадае з тым, што быў выяўлены па злачынствах дзесяцігадовай даўніны. Інфармацыя аб ДНК маньяка была таксама перададзена ў Расію. Праз пэўны час прыйшло паведамленне, што гэты ж чалавек гвалтаваў жанчын у Ленінградскай вобласці. Следчыя дзвюх краін заняліся яго пошукамі і ў лістападзе 2015-га затрымалі 44-гадовага грамадзяніна Расіі, празванага «тушынскім маньякам». Ён быў прысуджаны Брэсцкім абласным судом да 18 гадоў пазбаўлення волі. Усяго пацярпелымі па справе прызналі 35 чалавек, у тым ліку пяцярых непаўналетніх і трох малалетніх.

У Дзяржкамітэце судовых экспертыз вядуць улік даных ДНК. Толькі ў 2017—2018 гадах туды была змешчана інфармацыя больш чым аб 150 тысячах генатыпаў падазраваных і абвінавачваных асоб, «слядоў» з месцаў нераскрытых злачынстваў.

— Я паставіў бы Беларусь на першае месца па прымяненні генетычных экспертыз у крыміналістыцы на постсавецкай прасторы. Падобныя методыкі пачалі ўкараняцца ў краіне дзесьці з сярэдзіны 1990-х гадоў. Сёння ў нас, можна сказаць, сярэдні еўрапейскі ўзровень, — лічыць эксперт. — Папулярнасць такіх даследаванняў вельмі высокая. Практычна любая крымінальная справа, дзе можа быць біялагічны матэрыял — ад крадзяжоў да забойстваў, — ахоплена генетычным аналізам. Гэта дастаткова дарагое мерапрыемства. Колькі каштуе даследаванне, можна меркаваць па экспертызе для ўстанаўлення бацькоўства: на сям’ю з трох чалавек паслуга абыходзіцца ў 300 рублёў.

• Текст доступен на языке: Русский