Фота Радио Свобода.

У рэгіёне знайшлі 30 месцаў росту баршчэўніка на агульнай плошчы 10,5 гектара. На барацьбу з раслінай сёлета выдаткавалі 30 тысяч рублёў. Пра гэта МЛЫН.BY паведаміў начальнік Вілейскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Мікалай Сабалеўскі.

– Асноўная задача на год – не дапусціць цвіцення і распаўсюджвання насення пустазелля. У выніку работы па абмежаванні распаўсюджвання баршчэўніка Сасноўскага хімічным метадам летась у Вілейскім раёне зменшылася шчыльнасць яго росту. Найбольш «заражанымі» застаюцца Хацечынскі і Іжскі сельсаветы, на долю якіх прыпадае каля 60% ад агульнай плошчы росту баршчэўніка. Складанасць барацьбы ў тым, што адна расліна выдае да 100 тысяч насення, якія могуць доўга знаходзіцца ў зямлі і толькі потым прарастаць, – удакладніў Мікалай Сабалеўскі.

Летась для забеспячэння барацьбы з пустазеллем супрацоўнікі інспекцыі выдалі карыстальнікам зямельных участкаў 14 прадпісанняў. Адну службовую асобу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Не менш небяспечная расліна і сумнік канадскі, здольны цалкам змяніць раслінны свет.

– Многія памылкова рассаджваюць сумнік ў кветніках і выкарыстоўваюць пры добраўпарадкаванні пахаванняў на могілках. Месцы росту гэтага пустазелля ў Вілейскім раёне ўстаноўленыя. Мерапрыемствы па недапушчэнні яго распаўсюджвання таксама будуць праводзіць. Асаблівую ўвагу ўдзеляць землям сельгаспрызначэння, – адзначыў Мікалай Сабалеўскі.

• Текст доступен на языке: Русский