Другога сакавіка, ў адным з гандлёвых цэнтраў Маладзечна пахла кавай і чуўся гук узбівання малака.

Кожны ахвотны мог пачаставацца тут бясплатнай кавай. Прапаноўвалі латэ, амерыкана, капучына, эспрэса.

Чацвёра маладых людзей з інваліднасцю з Маладзечна чатыры дні вучыліся гатаваць каву ў межах праекта «Інклюзіўны барыста». А другога сакавіка зладзілі дэгустацыю.

Стваральнік праекта Саша Аўдзевіч і трэнер Наталля Астаніна прыехалі ў Маладзечна з Ліды, каб навучыць маладзечанцаў гэтай прафесіі:

– Мы ездзім па гарадах, навучаем моладзь з інваліднасцю, спрабуем стварыць кава-поінты, дзе б яны змаглі працаваць. У Маладзечне пакуль не дамовіліся. Ніводзін гандлёвы цэнтр не хоча выдзеліць чатыры квадраты для кава-поінта, – кажа Саша.

У Маладзечне Саша Аўдзевіч першы раз, таму мы пацікавіліся, як у нас у горадзе з безбар’ернасцю.

– Я шмат ганяў тут на вазку і хачу сказаць, што для райцэнтра тут усё нядрэнна: ёсць шмат устаноў, абсталяваных для людзей з інваліднасцю, пандусы. Бачна, што ўлады працуюць над гэтым.

На думку Сашы, прафесія барыста – запатрабаваная сёння. Надышоў такі час, калі ўсе гатовыя плаціць за каву па два-тры рублі. Убачылі ў амерыканскіх фільмах, як офісныя работнікі ходзяць з кубачкамі кавы. І відаць, падумалі: чым мы горш?

Кава – напой, да якога прывыкаеш, упэўнены Саша. Сам ён любіць розныя віды кавы. А з гатункаў – арабіку.

Вікторыя Альшэўская і Аксана Карніловіч.

Дзяўчына на вазку Аксана Карніловіч каваманкай сябе не лічыць. Але калі ў Таварыстве інвалідаў прапанавалі павучыцца, вырашыла паспрабаваць. Адразу не разглядала навучанне як магчымасць працаўладкавацца. Пасля курсаў пачала задумвацца пра гэта.

А вось маладзечанка Ірына Крыўко, якая мае праблемы са зрокам, прызнаецца, што каву вельмі любіць. Прыйшла на курсы, каб навучыцца гатаваць любімы напой. А яшчэ таму, што ёй было цікава: ці зможа чалавек, які дрэнна бачыць, працаваць барыста.

Каву гатуе Ірына Крыўко.
А цяпер – Наталля Астаніна.

– Зразумела: калі нейкія аперацыі даводзяцца да аўтаматызму, іх можна рабіць і зусім без зроку. Напрыклад, ведаю, што трэба палічыць да 25 – і ў кубак наліецца роўна 30 мілілілітраў эспрэса. Ступень узбівання малака можна вызначыць па характэрным гуку: калі ўзбіваць дастаткова, чуецца гук самалёта, які нібы узлятае.

Маляваць карыцай на каве Ірына таксама спрабуе:

– Я ж пяку дома торты, выкладаю ружу з крэму. Чаму я не магу намаляваць сэрца карыцай на каве?

Пакуль вучылася гатаваць каву маладзечанка Вікторыя Альшэўская, яе двухгадовая дачка была з бабуляй і дзядулем. Жанчына цяпер у дэкрэтным адпачынку. Да гэтага працавала дома зборшчыцай электрадэталяў.

Кажа, за гэтыя чатыры дні зразумела асновы прыгатавання кавы, навучылася, як правільна ўспеньваць малако.

Дзяўчынкі прыйшлі на каву.

– Наш трэнер Наталля Астаніна дала нам максімум уменняў за непрацяглы час, – кажа Віка.

Для Наталлі Астанінай Маладзечна – другі горад, дзе яна працуе трэнерам. Кажа, з вучнямі сваімі мае добрыя адносіны. Дапамагае прафесія педагога-псіхолага інклюзіўнай адукацыі, атрыманая ў Маскве.

– Прафесіі барыста я сама навучылася год таму і не думала, што яна так захопіць мяне, – прызнаецца Наталля.

На гэтыя некалькі дзён у Маладзечне Наталля мусіла наняць кватэру, бо гатэль не асабліва абсталяваны для інвалідных вазкоў.

Куратарам праекта ў Маладзечне была жыхарка горада, сябар адной з некамерцыйных арганізацый Марыя Калеснікава. Кажа, праблем знайсці месца для навучання не было. Больш складанасцей узнікла з тым, каб праінфармаваць людзей пра курсы.

Куратар праекта ў Маладзечне – Марыя Калеснікава.

Некаторыя маладыя людзі з інваліднасцю не верылі або ў свае магчымасці, або ў тое, што за чатыры дні сапраўды можна навучыцца прафесійна гатаваць каву.

Віялета Банковіч хацела таксама павучыцца гатаваць каву, але захварэла. Вырашыла прыйсці хаця б у апошні дзень.

Пакуль у маладых людзей з інваліднасцю ў Маладзечне няма рэальнай магчымасці праяўляць сябе ў працы барыста і зарабляць гэтым. Аднак усе яны, а таксама куратары і арганізатары спадзяюцца: такая магчымасць з’явіцца.

Фота аўтара.