Беларускія аналітыкі ўпэўненыя, што час спыніць грашовыя ўліванні ў неэфектыўны дзяржсектар. А замест датацый лепш накіраваць грошы на стварэнне інфраструктуры для бізнесу.
У дзяржсектары сёння хапае негатыўных тэндэнцый. Паводле апошніх дадзеных Нацбанка, на 1 кастрычніка 2018 года доля запазычанасці дзяржпрадпрыемстваў у агульным аб’ёме неабслугоўваных актываў – 58,1%. І калі раней дзяржава магла сабе дазволіць падтрымліваць дзяржсектар, то сёння магчымасці гэтыя вельмі абмежаваныя.
На апошняй нарадзе з эканамічным блокам краіны кіраўнік дзяржавы запатрабаваў зрабіць больш жорсткай адказнасць у дачыненні да кіраўнікоў неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў. «Хачу нагадаць: ніякіх паблажак быць не павінна. І хопіць мне ўносіць прапановы па дзесяць разоў па тых прадпрыемствах, якія раней не выканалі абяцанае», – сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з урадам, паведамляе яго прэс-служба.
Прэм’ер-міністр Сяргей Румас падзяляе пазіцыю, што трэба ўвогуле сыходзіць ад дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў.
«Бо па некаторых прадпрыемствах дзяржпадтрымка сапраўды аказваецца ў другі ці трэці раз, таму ўрад зробіць высновы з гэтай сітуацыі», – падкрэсліў ён.
Замежныя эксперты (МВФ і Сусветнага банка) даўно рэкамендуюць беларускаму кіраўніцтву спыніць заганнае рэанімаванне дзяржпрадпрыемстваў і ўкладванне ў іх грошай. Аргумент адзін – неэфектыўны дзяржсектар тармозіць эканамічны рост. З усяго гэтага напрошваецца адна выснова: неаднаразова выпрабаваным у краіне метадам – простым уліваннем грошай у дзяржсектар – праблемы прадпрыемстваў не вырашыць. Праўда, улады ўсё роўна не спяшаюцца дзейнічаць.
На сацыяльныя аспекты можа не застацца грошай
Упраўляючы партнёр адвакацкага бюро «Леў, Шарстнёў і партнёры» юрыст Барыс Леў лічыць, што пераходзіць да канкрэтных дзеянняў уладам сёння не дае сацыяльны аспект. Паводле яго слоў, кіраўніцтва краіны балансуе паміж сацыяльнай абаронай і эканомікай, разумеючы, што калі цяпер спыніць падтрымку нерэнтабельных прадпрыемстваў, то іх можна адпраўляць на банкруцтва. А гэта ў сваю чаргу пацягне вызваленне працоўнай сілы, пасля чаго людзі застануцца без работы.
«Пры гэтым я не лічу, што такі аспект апраўданы, таму што за ўсім гэтым стаіць у тым ліку і прыхаванае беспрацоўе. Людзі лічацца на рабоце, атрымліваюць мінімальны заробак, але пры гэтым яны звязаныя гэтай работай і строяць ілюзіі разам з уладамі, што прадпрыемствы, магчыма, выкараскаюцца і стануць рынкава запатрабаваныя. А што на самой справе? Гэтыя прадпрыемствы незваротна страцілі здольнасць канкурыраваць і фактычна стаяць на ўзбочыне рынкавай эканомікі», – лічыць юрыст. І не трэба за іх трымацца, працягвае ён, трэба даць магчымасць людзям заняцца бізнесам і карміць сябе самім, а не патрабаваць у дзяржавы падтрымкі.
Эксперт схіляецца да таго, што ў дзяржавы праз нейкі час не застанецца грошай займацца сацыяльнымі аспектамі і, у першую чаргу, яна будзе ставіць эканамічныя задачы.
Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец мяркуе, што да неэфектыўных прадпрыемстваў трэба падыходзіць наступным чынам: глядзець, дзе знаходзіцца прадпрыемства і колькі на ім працуе чалавек. Калі яно размешчанае ў Мінску, на ім працуе трыста-чатырыста чалавек і яно ўвесь час падтрымліваецца з бюджэту, то яго трэба прадаваць альбо закрываць, не думаючы, прапануе эксперт.
«Але калі ўзяць гарады, дзе па адным-два прадпрыемствы, на якіх працуе большасць мясцовых жыхароў, то тут трэба зыходзіць з прынцыпу: якое зло горшае, – адзначае Аляксандр Швец.
– Якія выдаткі будуць большыя: на падтрыманне існуючага прадпрыемства альбо на сацыяльную адаптацыю, перанавучанне і стварэнне новых працоўных месцаў цягам нейкага часу пасля яго закрыцця. І пакуль дзяржава не бачыць іншага шляху, апраўдана захаванне прадпрыемства дзеля сацыяльнага складніка.
Як вызначыць:
ці эфектыўнае ці не?
Зразумела, што не ўсе дзяржпрадпрыемствы асуджаныя на няўдачу. Эксперты ўжо прапаноўвалі ацаніць іх на прадмет эфектыўнасці: якія з іх трэба ліквідаваць у сілу іх поўнай нежыццяздольнасці, якія прыватызаваць, а якія яшчэ можа выратаваць рэструктурызацыя менеджменту.
Аднак кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін даволі песімістычна ацэньвае ўсе тры перспектывы. «Калі мы гаворым аб эфектыўным менеджменце, то тут трэба разумець, што прадпрыемствы кіруюцца, у тым ліку чыноўнікамі і выканкамамі, якія даводзяць паказчыкі, – адзначае эксперт. – Акрамя таго, кіраўніцтва прадпрыемстваў нярэдка займаецца неўласцівымі яму функцыямі: цягне сацыялку, выконвае нейкія неймаверныя даручэнні замест таго, каб зарабляць і прыносіць прыбытак. Эксперт лічыць: які б ні быў гэты спецыяліст ініцыятыўны, з дыпломамі МВА (міжнародная праграма падрыхтоўкі менеджараў), якімі б супер прыватнымі прадпрыемствамі ён да гэтага ні кіраваў, яму прыйдзецца ўбудоўвацца ў сістэму і працаваць, як загадана ў ёй.
Уладзімір Кавалкін не ўпэўнены, што нехта з прыватнікаў захоча прыватызаваць нешта пасля такіх кейсаў, як «Камунарка», «Аршанскі авіярамонтны завод», калі ў апошнім выпадку Лукашэнка вырашыў, што прыватнае прадпрыемства стала за адзін раз дзяржаўным. На думку кіраўніка Кавалкіна, рызыкі тут настолькі вялікія, што выгады гэтыя рызыкі не пакрываюць. Вось чаму рэальны бізнес – той, які «пра грошы зарабляць» – будзе будаваць прадпрыемствы з нуля.
«Што датычыцца банкруцтваў, то гэты варыянт азначаў бы, што ўлады павінны прызнаць правал усёй эканамічнай мадэлі Беларусі. Банкрутаваць прадпрыемствы, у якія ўкладвалі шмат, гэта як страляць сабе ў нагу. Утрымаць уладу пасля гэтага вельмі складана», – заўважае ён.
Няма прыбытку – трэба ліквідаваць
Барыс Леў у цэлым не бачыць сэнсу ў стварэнні экспертных камісій для ацэнкі эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў, каб яшчэ ў дадатак плаціць ім грошы, зноў марнаваць дзяржаўныя рэсурсы, калі на рынку ёсць галоўны крытэр: прыбытак.
«Калі няма прыбытку, то за кошт чаго жыве прадпрыемства? За кошт дзярждатацый.
Не будзе датацый – не будзе прадпрыемства. Значыць, калі яны камусьці трэба, прадаць іх. Не трэба – ліквідаваць», – заўважае эксперт.
На думку юрыста, лепш замест датацый накіраваць грошы на стварэнне інфраструктуры для бізнесу. «Трэба дапамагчы стварыць звольненым людзям працоўныя месцы, каб яны маглі сябе знайсці, а не сядзелі на заводзе, атрымліваючы бачнасць заробку», – падкрэслівае Барыс Леў.
У цэлым жа, ацэньваючы найбольш верагодны варыянт падзей на бліжэйшую будучыню, эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што прадпрыемствы і далей будуць згасаць.
«Перспектыва такая: будуць працягваць існаваць прадпрыемствы-«зомбі» – нібы жывыя, але і адначасова мёртвыя, таму што яны рэальна не працуюць. Плюс яны ўсе закрэдытаваныя, а з даўгамі трэба нешта рабіць. Адпаведна, будуць спробы ўсе даўгі збольшага перакласці на дзяржбанкі, збольшага на бюджэты, мясцовыя і рэспубліканскія, – рэзюмуе Уладзімір Кавалкін.
• Текст доступен на языке: Русский