У Маладзечанскай ДЮСШ прафсаюзаў “Маладосць” займаецца 109 дзяўчынак. Тут існуе дзевяць груп пачатковай падрыхтоўкі і шэсць – вучэбна-трэніровачных. А таксама чатыры – аздараўленчыя.
За апошнія дзесяць гадоў з’явіліся накладка для бервяна, перакладзіна для работы ў лямках для палягчэння вывучэння складаных элементаў. Змянілі паралонавыя ямы. Закупілі новыя паралонавыя маты.
Але шмат чаго не хапае. Няма гімнастычнага дывана для вольных практыкаванняў. Няма і свабоднай плошчы для яго, таму гімнастычныя элементы робяць на маленькай пляцоўцы. Акрабатычныя выконваюць, у асноўным, на акрабатычнай дарожцы. Але яна настолькі старая, што патрабуе замены. Скачковы стол таксама варта набыць новы.
Працуюць на “рэтра”-абсталяванні
– Трэба ўсталяваць спецыяльныя сучасныя маты, якія не трэба пастаянна перасоўваць. Не перашкодзіла б высокая перакладзіна для работы ў лямках. Мосцікі. У нас ужо “рэтра”-абсталяванне, і даводзіцца на гэтым працаваць, – кажа трэнер аддзялення спартыўнай гімнастыкі Ія Гарбунова. – Канешне, траўмы заўжды былі і ёсць, але іх няшмат, і звязаныя не толькі з абсталяваннем.
Хаця цяпер шмат розных прыстасаванняў, якія дапамагаюць папярэджваць траўмы – лонжы, спецыяльныя накладкі, сучасныя маты – у школе іх няма. Трэнеру даводзіцца самому дапамагаць дзецям.

Бацькі дапамагаюць грашыма
Усе групы штомесяц плацяць добраахвотныя апякунскія ўнёскі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сума – пяць рублёў. Па словах трэнера аддзялення спартыўнай гімнастыкі Валянціны Канарэйкінай, ніхто з бацькоў не адмаўляецца ад аплаты.
– Бацькі разумеюць, гэта – укладанне ў дзяцей. За іх набываюць рэчы, ездзяць на спаборніцтвы. Рэчы для гімнастычных практыкаванняў купляюць і асабіста для сваіх дзяцей.
Напрыклад, накладка для працы на брусах каштуе каля 55 рублёў. Купальнік – ад 30 рублёў да 160. Больш дарагія набываюць звычайна для выступленняў.
У гімнастычнага аддзялення няма асабістага рахунку. Грошы, атрыманыя за заняткі ў аздараўленчых групах, ідуць у агульную касу ДЮСШ. Гэта комплексная школа ўключае басейн, гарадкі і спартыўную гімнастыку. У залежнасці ад патрэбаў грошы выдзяляюць на рэчы, неабходныя ў дадзены момант.
Але, нягледзячы на адсутнасць неабходнага гімнастычнага абсталявання, дзеці ўдзельнічаюць у спаборніцтвах рознага ўзроўню. Ад 4 да 7 лютага, напрыклад, каманда школы выступала на рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ, што праходзіла ў Гродне.

Чаму сыходзяць з гімнастыкі
Спартыўная гімнастыка – сілавы від спорту. Па словах Гарбуновай, з часам напаўняльнасць груп памяншаецца. У старэйшых групах застаюцца адзінкі.
– Навучэнцы штогод здаюць кантрольныя нарматывы, па выніках якіх пераводзяцца на наступны год. Калі дзіця іх не здае, яго адлічваюць. Таксама нехта сыходзіць з-за таго, што даводзіцца абіраць паміж школай і заняткамі гімнастыкай. Бо не паспявае па часе. Некаторыя не вытрымліваюць цяжкіх нагрузак у зале.
Першыя два гады навучання – усебаковае фізічнае развіццё і вывучэнне базавых элементаў гімнастыкі. Развіваюць такія якасці, як сілу, спрытнасць, хуткасць, гнуткасць. Потым дзеці пачынаюць мэтанакіравана займацца гімнастыкай.
Гарбунова кажа, ад пачатку глядзяць прыродныя якасці дзіцяці. Калі-нікалі рэкамендуюць бацькам перавесці дзяцей у аздараўленчую групу. Але часам вучні, якія спачатку не выдзяляліся схільнасцямі, за некалькі месяцаў пачынаюць паказваць станоўчыя вынікі. А “моцныя”, на першы погляд, аказваюцца лянівымі і часта хварэюць. У любым выпадку, да кожнага выкарыстоўваюць індывідуальны падыход.
А трэнеры ўпэўненыя, у гімнастыцы застаюцца самыя ўстойлівыя маральна і тыя, хто сапраўды палюбіў гімнастыку. Нават калі даводзіцца займацца ў спартанскіх умовах.

• Текст доступен на языке: Русский