Масленічны тыдзень на Ашмяншчыне адкрылі не толькі блінамі, шашлыкамі і прысмакамі, але і спальваннем пудзіла Зімы, прывітаннем Вясны і абрадам запуску ў неба Сонца, як знака цяпла і ўрадлівасці.
Свята стала добрай традыцыяй. Прысутныя адчувалі яго народны каларыт, мелі магчымасць пагутарыць і адпачыць, прадэгуставаць традыцыйныя бліны.
У горадзе галоўнае дзеянне разгарнулася на сцэнічнай пляцоўцы побач з музеем імя Багушэвіча, цалкам задзейнічалі плошчу і сквер. Вулічны тэатр «Вір» адкрыў масленічную праграму.

– Заходзьце да нас на смачныя бліны з яблычным джэмам, якія мы падрыхтавалі самі. Адсвяткуем Масленіцу разам, – скамарохі і калядоўшчыкі на хадулях гасцінна зазывалі на свята, запрашалі акунуцца ў атмасферу масленічных гулянняў і забаў.

Рамесныя шэрагі, гандлёвыя палаткі з рознымі прысмакамі ўсходняй і беларускай кухні, гарбатай, ўпрыгожваннямі, цацкамі, таварамі ручной работы… А бліны, як сімвал Сонца на зямлі, будуць ад сёння і ўвесь тыдзень на стале ашмянцаў.
Фота Святланы Муцянскай.
• Текст доступен на языке: Русский