Злева направа: Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, Ігар Шакун - намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама.

У панядзелак, 25 лютага, у Валожыне падпісалі стратэгію вырашэння праблем, звязаных з інваліднасцю.

Стратэгія – вынік сумеснай працы грамадскіх арганізацый, сацыяльных устаноў, мясцовых уладаў і саміх людзей з інваліднасцю. Дакумент  будзе дзейнічаць у 2019-2020 гадах.

Стратэгію падрыхтавалі падчас вялікай кампаніі Офіса па правах людзей з інваліднасцю «Павестка 50». Валожын стаў чацвертым горадам у краіне, дзе прынялі падобны план.

– Беларусь у 2015 годзе падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. Тады ж прынялі план па яе рэалізацыі на ўзроўні Беларусі. Але план быў агульны, не ўлічваў рэгіянальныя асаблівасці, – кажа Ксенія Тарасевіч, прэс-сакратар Офіса па правах людзей з інваліднасцю. – Тады ў межах ініцыятывы «Павестка 50» абралі пяць раёнаў і вырашылі скласці план па кожным з іх. Працавалі паўтара года, арыентаваліся на польскі досвед.

Падтрымлівае Ксенію і Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю –  арганізацыі, якая разам з партнёрамі каардынавала напісанне мясцовай павесткі ў Валожыне.

– У Беларусі спачатку пішуць вялікія агульныя планы на ўсю краіну, не заўсёды абапіраючыся на ўнікальны досвед рэгіёнаў і мясцовую спецыфіку, – кажа Сяргей. – Здаецца, што Беларусь краіна маналітная, але ўсё роўна ў кожным раёне ёсць свае асаблівасці. І прыярытэты ўсюды розныя. Толькі адзін агульны – безбар’ернае асяроддзе.

Па словах Сяргея Драздоўскага, мясцовую павестку ў Валожыне зрабілі ў адпаведнасці з еўрапейскім падыходам – ​​яна ўлічвае мясцовыя асаблівасці.

У дакуменце выклалі асноўныя праблемы, звязаныя з інваліднасцю ў Валожыне і раёне. Таксама там прапісалі план, які дапаможа вырашыць гэтыя праблемы.

Па словах стваральнікаў дакумента, галоўны крытэрам кожнага пункта была яго выканальнасць. І практычна кожны пункт вельмі доўга абмяркоўвалі.

Мясцовая павестка – гэта не нарматыўна-прававы акт. Яго падпісанне – гэта хутчэй джэнтльменскі дагавор, адзначае Сяргей Драздоўскі. Ён падкрэслівае, што пакарання або санкцый за невыкананне плана не будзе.

Што такое мясцовая павестка?

Мясцовая павестка – гэта дакумент, які дапамагае выконваць палажэнні Канвенцыі ААН на мясцовым узроўні. Гэта значыць, што дакумент складзены мясцовымі жыхарамі, а таму ўлічвае мясцовую спецыфіку і павінны вырашаць мясцовыя праблемы.

 Як рыхтавалі мясцовую павестку

Праца доўжылася паўтара года пры ўдзеле польскіх экспертаў з фонду TUS, якія распрацавалі метадалогію «22 крокі» па ўкараненні Канвенцыі на месцах. Польскі досвед быў блізкі беларускім рэаліям.

Першым крокам кампаніі «Павестка 50» стала вызначэнне гарадоў, дзе будуць рэалізоўваць кампанію. Абралі пяць гарадоў. Адным з іх стаў Валожын.

Наступным крокам стала правядзенне круглага стала, падчас якога прадстаўнікі Офіса па правах людзей з інваліднасцю прапанавалі валожынцам паўдзельнічаць у кампаніі.

– Валожын дзякуючы вялікаму досведу быў вельмі адкрыты да супрацоўніцтва, – распавядае каардынатар кампаніі «Павестка 50» Міхаіл Мацкевіч.

Падчас рабочых сустрэч, у якіх прымалі ўдзел сацыяльныя службы (ТЦСАН), падрыхтавалі дакумент.

– Людзі, якія працавалі над павесткай, адзначалі, што працэс быў вельмі важны для іх. Бо ў такім фармаце людзі ніколі не збіраліся, – падкрэслівае Міхаіл Мацкевіч.

Мясцовыя павесткі напісалі простай мовай для таго, каб любы ахвотны мог зразумець сутнасць дакумента і задаць пытанні яго складальнікам і рэалізатарам, уключыцца ў працэс.

Адна з аўтараў павесткі псіхолаг Валожынскага ТЦСАН Алена Жданюк распавяла, што перад падпісаннем дакумента рабочая група сустракалася з людзьмі з інваліднасцю і іх блізкімі, дзе прэзентавала чарнавік дакумента і атрымала рэкамендацыі ад іх.

Што ў дакуменце

У плане адлюстраваныя асноўныя праблемы, звязаныя з інваліднасцю ў Валожынскім раёне. Гэта дыскрымінацыя дзяцей з інваліднасцю, адсутнасць безбар’ернага асяроддзя, праблемы з працадаўцамі, недасведчанасць пра свае правы і адсутнасць рамонту ва ўстановах рэабілітацыі.

Каб пераадолець гэтыя праблемы, мясцовыя актывісты будуць праводзіць інфармацыйныя кампаніі, інклюзіўныя мерапрыемствы, займацца стварэннем безбар’ернага асяроддзя, арганізоўваць трэнінгі асобаснага росту.

Фота забяспечанае арганізатарамі.

• Текст доступен на языке: Русский