Адкрытую гутарку з натарыусам на тэму “Шлюбны дагавор” правялі ў бібліятэцы сямейнага чытання “Верасок” 21 лютага.

У верасні 1999 года ў сілу ўступіў дзеючы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Менавіта тады ўпершыню ў беларусаў з’явілася магчымасць заключаць шлюбны дагавор.

Стандартных шлюбных дагавораў няма, кажа натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Таццяна Аўчук, якая выконвае натарыяльную дзейнасць у натарыяльнай канторы Маладзечанскага раёна №1. Для іх складання патрабуецца творчы падыход.

Хто можа заключыць шлюбны дагавор

Шлюбны дагавор могуць заключаць не толькі жанатыя, але і тыя, хто мае намер уступіць у шлюб. Прычым дакументальна пацвярджаць намер не трэба. Дастаткова проста сказаць пра яго натарыусу. Такі шлюбны дагавор уступіць у сілу, калі шлюб зарэгіструюць.

У якой форме заключаюць дагавор

Шлюбны дагавор заключаюць толькі ў пісьмовай форме. Яго трэба засведчыць у натарыуса. Праз натарыуса праводзяць і ўсе наступныя змены ў дагаворы.

Што можна прадугледзець у шлюбным дагаворы

Шлюбны дагавор заключаюць, каб выключыць мужа ці жонку з сумеснай уласнасці і дамовіцца, якая маёмасць належыць кожнаму або ў якіх долях.

Па словах Таццяны, прадугледжваюць і маёмасць, набытую ў шлюбе, і тую, якую бакі хочуць набыць праз пэўны час.

Сумесна нажытай маёмасцю не лічыцца тая, якую адзін з пары меў да шлюбу або атрымаў падчас шлюбу ў спадчыну ці ў падарунак. Але калі ў маёмасць падчас шлюбу ўкладзеныя сумесныя сродкі па яе паляпшэнні, праз суд такую маёмасць можна прызнаць сумеснай.

Напрыклад, Іваноў атрымаў у спадчыну невялікі дом у Цюрлях. Падчас шлюбу да яго прыбудавалі яшчэ два паверхі, пераабсталявалі. Два паверхі гэтага дома ўжо лічацца сумесна нажытай маёмасцю. А ў шлюбным дагаворы можна пазначыць, што яны ўсё роўна належаць толькі Іванову.

Таксама рэгулюецца дагаворам маёмасць, набытая для персанальных заняткаў, індывідуальнага прадпрымальніцтва, хобі. Да прыкладу, у некага з сям’і ёсць ІП па рамонце тэхнікі. У дагаворы можна пазначыць, каму належаць дарагія матэрыялы або інструменты пасля разводу або падчас шлюбу.

У дагаворы можна прадугледзець не толькі падзел нерухомай маёмасці, але і ўрэгуляванне немаёмасных пытанняў.

Часта пазначаюць палажэнні пра выхаванне дзяцей. З кім пасля разводу будзе жыць дзіця. Якімі будуць аліменты: напрыклад, можна дамовіцца атрымліваць на дзіця больш грошай, чым прадугледжана па законе. Хто будзе аплачваць вучобу і дадатковыя выдаткі на дзіця.

У практыцы натарыуса быў шлюбны дагавор, па якім бацька абавязаўся выплачваць утрыманне паўнагадовага дзіцяці, пакуль яно вучыцца ў ВНУ.

Прадугледжваюць правы і абавязкі мужа і жонкі па ўтрыманні адзін аднаго. Напрыклад, муж працуе, а жонка займаецца дамашняй гаспадаркай. У шлюбным дагаворы можна пазначыць, што пасля разводу муж будзе забяспечваць жонку да таго часу, пакуль яна не ўладкуецца на працу.

Апошнім часам стала папулярна пазначаць даўгі, кажа натарыус. Падчас шлюбу чалавек набывае не толькі маёмасць каханага, але і яго даўгі. Шлюбны дагавор дазваляе прадугледзець, што крэдыты, займы і паручыцельства  застануцца асабістай справай кожнага.

Калі можна змяніць шлюбны дагавор

Тыя, хто мае намер уступіць у шлюб, могуць змяніць дагавор у любы час да разводу. У тым ліку, і да рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе.

Тыя, хто ўжо знаходзіцца ў шлюбе, могуць змяніць дагавор да разводу.

Калі ў дагаворы прадугледжана, што ён будзе дзейнічаць і пасля разводу, змены можна ўнесці да выканання такіх абавязкаў. Напрыклад, у выпадку, які згадваецца вышэй, муж утрымлівае беспрацоўную жонку. Змяніць дагавор бакі могуць да працаўладкавання жонкі.

Калі шлюбны дагавор лічаць несапраўдным

Аднабакова адмовіцца ад дагавора немагчыма. Пры спрэчках бакі павінны звярнуцца ў суд. Але ёсць такія выпадкі, калі дагавор без звяртання да суда лічыцца несапраўдным.

Напрыклад, калі дагавор не заключаны ў натарыяльнай канторы. Калі заключаны чалавекам, які пакутуе на псіхічнае захворванне, і бакі, якія заключалі дагавор, не паведамілі пра гэта натарыусу. Калі ўмовы дагавора ставяць аднаго з тых, хто яго заключыў, у загадзя нявыгаднае становішча.

У дагавор нельга ўключыць палажэнні, якія супярэчаць заканадаўству. Напрыклад, асабістую маёмасць жонкі або мужа ці маёмасць, нажытую да шлюбу.

Таму перад складаннем дагавора з натарыусам трэба знайсці ўсе падводныя камяні.

– Калі дагавор тычыцца нерухомасці, ён павінны быць заключаны не толькі ў натарыуса, але і зарэгістраваны ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Некаторыя забываюць гэта зрабіць, і пасля разводу атрымліваюць разбітыя надзеі і судовыя разбіральніцтвы, – тлумачыць Таццяна.

На што яшчэ трэба звярнуць увагу

Патрабаванні да заключэння шлюбнага дагавору адрозніваюцца ў розных краінах. Таму натарыус рэкамендуе заключаць шлюбны дагавор толькі на тую маёмасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі пэўнай краіны.

Пасля размовы з натарыусам стала зразумела, што складанне шлюбнага дагавора – не толькі модная і крэатыўная, але і вельмі працаёмкая і адказная справа. А дапамагчы разабрацца ва ўсіх тонкасцях гатовыя натарыусы Маладзечанскага раёна.