Фота orsha24.by.

Студэнтка сутыкнулася з фрывольнасцю інструктара.

«Нашай Ніве» стала вядома пра гісторыю, якая на мінулым тыдні адбылася ў адной з мінскіх аўташкол.

Студэнтка аднаго са сталічных ВНУ пайшла вучыцца ў гэтую аўташколу і сутыкнулася з фрывольнасцю інструктара. Яго прозвішча называць мы не будзем.

«Калі я села ў машыну, то сутыкнулася з нейкай плынню свядомасці», — кажа дзяўчына.

«У цябе вейкі наклееныя? А, ну дык значыць і вусны зробленыя, і цыцкі, — чапляўся ён. — А навошта ты пайшла ў аўташколу? Прапіла б гэтыя грошы ў рэстаране лепш». «У цябе кіпці — як у вядзьмаркі, трэба іх абрэзаць». «Лепш бы ты вучылася, замест таго каб гуляць з хлопцамі. А, ты вучышся? На платным? Дык ты тупая, была б разумная — вучылася б на бясплатным».

Студэнтка расказала пра такія размовы інструктара свайму бацьку, той зладзіў разбор палётаў.

Вынікам стала тое, што інструктара звольнілі, паведаміў «Нашай Ніве» дырэктар аўташколы Андрэй Радашкавец.

«Сапраўды, гэты чалавек больш не працуе. На яго была адна пісьмовая скарга і пару вусных. Вядома, мы папярэджваем курсантаў, што работа ў інструктараў нервовая і часам можа вырвацца нейкае слова — не варта прымаць блізка да сэрца. Але каб так… Мы яго звольнілі, гэта не адзінкавы эмацыйны выбух, відавочна, такія паводзіны недапушчальныя. І ў будучыні будзем ясней тлумачыць усім інструктарам, як сябе паводзіць нельга», — сказалі ў аўташколе.

• Текст доступен на языке: Русский