На адным з кірмашоў вакансій у Вілейцы. Фота аўтара.

Вілейскі аддзел занятасці вакансій прапануе больш, чым ёсць шукальнікаў. А людзі скардзяцца на тое, што цяжка знайсці працу. Чаму?

Мы звярнуліся ў аддзел занятасці Вілейскага райвыканкама. Начальнік Таццяна Цітуленка растлумачыла:

– На Вілейшчыне амаль заўсёды такая сітуацыя, што вакансій больш, чым шукальнікаў. Але не кожнаму шукальніку падыхо­дзіць прапанаваная праца. Напрыклад, у нас заўсёды не хапае дактароў. Але ж я не магу пайсці працаваць на гэту пасаду, калі не маю адукацыі доктара. Тое ж самае з ветэрынарамі, юрыстамі.

Вартаўнік – гэта не значыць спаць ноччу на працоўным месцы

Па словах Таццяны Цітуленкі, большая частка з зарэгістраваных у аддзеле занятасці шукае некваліфікаваную працу, якую аддзел не заўсёды і не ўсім можа прапанаваць.

– Ды і тут у людзей свае ўяўленні, – кажа начальнік. – Напрыклад, заўсёды шмат ахвотных працаваць вартаўніком. Нельга, канешне, часаць усіх пад адзін грэбень. Але некаторыя шукальнікі думаюць, што праца вартаўніка заключаецца ў тым, каб спаць ноччу на працоўным месцы.

Як вакансіі трапляюць у аддзел занятасці

Некаторыя вакансіі затрымліваюцца на сайце на два-тры месяцы, а то і на год. Безумоўна, адна з прычын – незадавальненне прапанаваным заробкам.
– Часам працадаўца спецыяльна прапануе ніжэйшы заробак, – кажа Таццяна Цітуленка. – А чалавек ведае сабе цану, напрыклад, ён – добры бухгалтар. Таму і не хоча ісці на малыя грошы.

Па словах начальніка аддзела, усе вакансіі, што размешчаныя на сайце Вілейскага аддзела занятасці, – актуальныя. На сайт яны трапляюць рознымі шляхамі. Раней працадаўцы прыносілі свае запыты на паперы. Цяпер часцей дасылаюць па электронцы або па факсе. Ёсць спецыяльная форма такога запыту.

Таксама працадаўцы могуць падаць вакансію напрамую на сайт Дзяржаўнай службы занятасці, стварыўшы там уласны кабінет карыстальніка. Часам вілейскі аддзел занятасці бярэ вакансіі адтуль і размяшчае на сваім сайце.

Калі працадаўца знаходзіць чалавека, ён павінны паведаміць пра гэта ў аддзел занятасці. Але на адказнасць тут не заўсёды спадзяюцца. Перыядычна спецыяліст, у якога ёсць час, тэлефануе і ўдакладняе, ці сапраўды ўсе вакансіі актуальныя.
За той час, што Таццяна Цітуленка працуе на сваёй пасадзе, яна пераканалася: не толькі шукальніку цяжка знайсці працу. Не менш цяжка працадаўцу знайсці добрага работніка.

Якую працу і за колькі прапануюць у Вілейцы

Розныя спецыялісты патрэбныя ў Вілейскі РАУС і РАНС. Тут немалаважны фактар – узрост да 30 гадоў, бо выратавальнікі і міліцыянеры раней сыхо­дзяць на пенсію. Тым, хто пойдзе працаваць участковым міліцыянерам, прапануюць ад 900 рублёў да тысячы. У РАНС – менш: 650 і кіроўцу аўтамабіля, і спецыялісту.

У доследны лясгас запрашаюць егера. Абавязкова – досвед працы. Заробак – 700 рублёў. Сюды ж шукаюць лесніка з 450. Праўда, працаваць трэба не ў горадзе, а на вёсцы – у старынкаўскім лясніцтве, што ў Вязынскім сельсавеце. Шукаюць даўно: ад красавіка мінулага года.

Амаль год вісіць на сайце і вакансія інжынера ў мясцовы аддзел капітальнага будаўніцтва. Прапануюць – 506 рублёў.

Ад мая 2018 незапоўненая вакансія педагога-псіхолага ў Вілейскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі маўлення. Заробак – 400 рублёў.

Ад пачатку года некалькі вакансій у Вілейскую ЦРБ: акушэрка, загадчыца, некалькі дактароў, лабарант, медсястра, фельчар. Усім прапануюць па 330.

Дырэктарам клуба – за 185 рублёў

У Дом культуры ў вёсцы Нароча, што на Вілейшчыне, шукаюць дырэктара на паўстаўкі. Мы пацікавіліся гэтай вакансіяй.

На працу гатовыя ўзяць толькі чалавека з вышэйшай адукацыяй у галіне культуры. Жылля ў вёсцы нае даюць. Заробак 185 рублёў. За 175 рублёў тут жа можна працаваць мастацкім кіраўніком.

Тыповыя і нетыповыя гісторыі пошукаў вілейчукоў

Мы паразмаўлялі з жыхарамі Вілейкі, якія шукалі або шукаюць працу.

Валянціна ў пошуках некалькі месяцаў:
– Мяне не столькі сама праца цікавіць, колькі зручны графік, – дзеліцца набалелым жанчына. – Да нядаўняга часу працавала ў дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры. Усё падабалася, толькі вось малых дзяцей не было з кім пакінуць. Бацькоў, якія б маглі дапамагчы, няма. Працу больш для мужчын прапануюць. А ў гандаль я і сама не хачу.

Наталля, беспрацоўная ўжо другі год. Гадуюць двух сыноў, жывуць у інтэрнаце на заробак мужа, што працуе на адным з вілейскіх заводаў. Кажа, любіць гатаваць, мае адпаведную спецыяльнасць. Але пакуль нічога для сябе не знайшла.

А гісторыя вілячанкі Ірыны вырашылася станоўча. Праз некалькі месяцаў пошукаў знайшла ў Вілейцы працу вахцёра. Кажа, грошы невялікія. Але задавальняе зручны графік. Ды і сама наяўнасць працы.