Чытачы пераслалі Свабодзе дакумэнт, які мае дапамагчы настаўнікам выяўляць экстрэмістаў сярод школьнікаў.

Пасля трагедыі ў Стоўбцах школы і міліцыя зрабілі шэраг захадаў дзеля бяспекі. У школах усталявалі турнікеты, абмежавалі для бацькоў доступ у навучальныя ўстановы, для школьнікаў — карыстанне мабільнымі тэлефонамі.

Дакумэнт называецца «Альгарытм узаемадзеяньня супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і работнікаў устаноў адукацыі, спорту, турызму, культуры і аховы здароўя Гомельскай вобласці для ранняй ідэнтыфікацыі ў моладзевым асяродздзі асобаў, якія ўваходзяць у нефармальныя моладзевыя групоўкі». Ён быў зацверджаны на пасяджэнні камісіі ў справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама.

У «Альгарытме» пазначана, што «нефармальныя моладзевыя групоўкі — групоўкі, якія прапагандуюць ідэалёгію тэрарызму, экстрэмізму, нэафашызму, расісцкія, нацыяналістычныя і таму падобныя ідэі, у тым ліку групоўкі радыкальна настроеных футбольных фанатаў». Асобна ідзе гаворка пра экстрэмізм і тэрарызм са спасылкамі на адпаведныя законы.

Як вылічыць «экстрэмістаў» і «нефармалаў» сярод падлеткаў?

Пра гэта ідзе гаворка ў дадатку да «Алгарытму», які называецца «Атрыбутыка і сімволіка нефармальных моладзевых груповак». Настаўнікі мусяць звяртаць увагу на вонкавы выгляд падлеткаў, якія могуць належаць да груповак «нацы-скінгэдаў», «скінгэдаў-антыфашыстаў» і футбольных фанатаў.

Чым адрозьніваюцца «нацы-скінхэды» ад «скінгэдаў-антыфашыстаў»

Нашыўкамі. У «нацы-скінхэдаў» гэта можа быць свастыка, кельцкі крыж, 88, 14 ці «White Power». У «скінхэдаў-антыфашыстаў» — «камуністычныя, рэвалюцыйныя сімвалы: партрэты Леніна, Чэ Гевары, Нельсана Мандэлы, антыфашысцкія і нацысцкія эмблемы, эмблемы з назвамі сваіх арганізацый і групаў левага кірунку, на якія яны арыентуюцца».

Шлейкамі для штаноў, прычым спушчанымі. У «нацы-фашыстаў» шлейкі могуць быць любога колеру, апроч чырвонага, у іхных апанентаў чырвоныя.

Стрыжкай. Частка «нацы-скінхэдаў» не голіцца нагала, каб не прыцягваць да сябе ўвагу. Валасы могуць быць проста коратка падстрыжаныя. Існуе меркаванне, што даўжыня валасоў па ўсёй галаве павінна быць аднолькавай.

Скрыншот са старонкі інструкцыі
Скрыншот са старонкі інструкцыі

Адзеннем. Для «нацы-скінхэдаў» характэрныя футболкі з выявамі свастыкі, рунаў Атар, арла, 88, 14 ці WP («White Power»). Могуць насіць футболкі колеру хакі. Часта сустракаюцца вайсковыя штаны. Альтэрнатывай такім штанам служаць вузкія падкасаныя джынсы. «Ідэальным колерам джынсаў лічыцца белы або бледна-блакітны, як сімвал белай расы». «Бомбэр» — лётная (або вайсковая марская) куртка, традыцыйная вопратка скінгэдаў. Куртка можа быць чорнага, зялёнага ці колеру хакі. Асаблівасьць яе — адсутнасьць каўняра.

Скрыншот са старонкі інструкцыі
Скрыншот са старонкі інструкцыі

Абуткам. Гакінгі — цяжкія шнураваныя вайсковыя боты ці берцы. Папулярнымі з’яўляюцца боты фірмы Camelot ці Grinders з 11 парамі мэталічных адтулін.

Шнуркамі на абутку. Павінны быць такімі доўгімі, каб пасля шнуравання абутку іх можна было два ці тры разы абматаць вакол халяваў. Скінхэды часта носяць чаравікі з белымі шнуркамі і белыя джынсы. «Белы — шырока вядомы, хоць і не агульнапрыняты сімвал скінхэдаў, які пазначае правага радыкала або расіста».

Якія прыкметы футбольнага фаната?

Эмблемы. Розных футбольных клубаў і ў рознай колеравай гаме. Не выключана выкарыстанне асобнымі групамі элемэнтаў нацысцкай сімволікі, напрыклад кельцкага крыжа, у складзе іншых знакаў.

Прычоскі. Любыя, часцей кароткія.

Адзенне. Шалік з’яўляецца галоўным атрыбутам. Шалікі аформленыя ў колеравай гаме пэўнай футбольнай каманды. Як і скінхэды, носяць джынсы бледна-блакітнага колеру, выкарыстоўваючы яго як асноўны колер джынсаў. У фанатаў не павінна быць падкасаных і запраўленых штаноў, характэрных для скінхэдаў. Курткі — цёмна-сіняга і чорнага колеру.

Абутак. Даволі часта сустракаюцца чаравікі «Грындэрс», радзей — красоўкі. Няма белых шнуркоў, бо яны ўспрымаюць такія як атрыбут скінхэдаў.

Што робяць у навучальных установах рэгіёна, каб не дапусціць паўтарэння стаўбцоўскай трагедыі, можна апачытаць тут.