Крымінальную справу перадалі ў суд пятага сакавіка. Фігурант і пацярпелая – жыхары Вілейкі.
Бойка здарылася ў вілейскім бары «Дубочак» ноччу 20 студзеня, расказаў карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» намеснік пракурора Вілейскага раёна Андрэй Жукоўскі.
44-гадовы вілейчук выпіў і заснуў на барнай стойцы. Дзяўчына-бармэн пачала яго будзіць.
Калі мужчына прачнуўся, нецэнзурна вылаяўся, стукнуў яе спачатку нагой у грудзі, а потым кулаком у галаву.
Збітай дзяўчыне дапамаглі два наведнікі бара. Яны трымалі крыўдзіцеля, пакуль прыедзе міліцыя.
Па словах Андрэя Жукоўскага, фігурант прызнаў сябе вінаватым. Ён пазнаў сябе ў запісе з камеры відэаназірання. Але тое, што збіў дзяўчыну, не памятаў.
Абвінавачаны раней быў судзімы за забойства з асаблівай жорсткасцю і рабунак. Стаіць на ўліку ў доктара-нарколага.
За хуліганства ў «Дубочку» яму пагражаюць грамадскія работы або штраф ці выпраўленчыя работы на два гады, або арышт, або амежаванне волі да двух гадоў ці пазбаўленне волі да трох гадоў.
• Текст доступен на языке: Русский