«Назвалі як гераіню кнігі». Жыхаркі рэгіёна расказалі гісторыі з’яўлення сваіх рэдкіх імёнаў

Фота Skyeng.

Як выбіраюць імя дзіцяці? Глядзяць на моду, слухаюць бацькоў, абіраюць тое, што падабаецца самім. Часам імя запамінаецца з кніг ці фільмаў. Мы пагутарылі з жыхарамі рэгіёна і высветлілі, як яны атрымалі свае імёны.

Бацькі Іветы Ведзмядзенкі Таццяна і Анатоль пераехалі ў Беларусь з горада Ліепая, што ў Латвіі. Цяпер дзяўчына жыве ў Маладзечне.

– На іх радзіме шмат імёнаў, нязвыклых для нашых людзей. Напрыклад, мужчынскія – Дзінтарс, Лаймоніс, Друвіс, жаночыя – Дайнэ, Рамона, Антра, Ціціба.

У сям’і Івета – адзінае дзіця. Дома мама назы­вае яе Іветай, Івачкай.

Івета Ведмедзенка.

– А сябры мяне сталі называць Рыжык, бо­ я больш за пяць гадоў фарбавала вала­сы ў руды колер. У дзяцінстве вель­мі не любіла, можна сказаць, ненавідзела сваё імя, было шмат гадкіх мянушак. Цяпер яго не пагадзілася б мяняць, бо гэта маё маленькае адрозненне ад усіх, такая асаблівасць.

У вёсцы Кемелішкі, што на Астравеччыне, жыве Эдзіта Бужым­ская. Яе прадзядулю, Ка­зіміру Аўласу, па­да­балася Эдзіта П’еха, ён і даў імя. Суразмоўца кажа, заўжды ўсе адзначалі, што яе завуць як Эдзіту П’еху. Дзяўчына з сям’і каталікоў. Маці Данута і Казімір выхавалі яшчэ траіх дзяцей – Яўгена, Алу і Віту. Родныя і сябры называюць субяседніцу Эдзька.

Эдзіта Бужымская.

– Ведаючы мой характар, ​​блізкія параўноўваюць імя са словам дэтанатар – кажуць Эдытанатар, – смяецца Эдзіта. – Усе дзівяцца і сёння, кажуць, рэдкае імя, але я лічу, вельмі рэдкае. Дзякуй родным за імя і за тое, што ўсё дзівяцца, як мяне так завуць. І мяне гэта цешыць.

Серафіма Які­мен­­­ка нарадзілася ў­ Ма­­ладзечне, цяпер вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным ме­дыцынскім ­уні­­вер­­сітэце. Яе маці ў свой час спадабалася спалучэнне імя і імя па бацьку гераіні кнігі Івана Яфрэмава «Лязо брытвы» – Серафіма Юр’еўна.

Роднага бра­та­ Серафімы Юры і Святлана назвалі Рыгорам – у гонар дзядулі.

Да субяседніцы звяр­таюцца па-рознаму. Пры першым знаёмстве поўным іменем. Баць­кі завуць Сіма, Сімулік, Серафіма. З памяншальна-лас­кальных ча­сам на­зываюць Сера­фі­мач­ка і Сімачка. Аднагрупнікі аддаюць перавагу імені Сымона з песні Уладзіміра Кузьміна – «Сымона, дзяўчына маёй мары». У школе называлі Сіма і Серафіма.
Прызнаецца, было нязручна ў першым класе каля месяца, але быў даволі добры клас, выдатная настаўніца. І няёмкасць прайшла.

– Першая рэакцыя пры знаёмстве заўсёды аднолькавая: «Якое прыгожае, незвычайнае, цікавае ці рэдкае імя», потым прывыкаюць. А вось замежнікі – італьянцы, немцы, палякі, французы – рэагуюць звычайна, хоць і прамаўляюць імя некалькі па-іншаму: Serafinа.

– Бацькі дамовіліся: тата называе дачку, а мама сына, – кажа маладзечанка Нэлі Шэфер. – Потым аказалася, што ёсць стрыечная цётка, мая поўная цёз­ка. Ма­лодшага брата завуць Мацвей. Гарталі кнігу з імёнамі, маме спадабалася імя.

Нэлі Шэфер.

Субяседніцу звы­чай­на называюць поўным іменем – Нэля ці Нэлёк. Да імені людзі ставяцца нармальна, але часам перапытваюць, як за­вуць і ці беларуска яна.

Ілона Анкуда нарадзілася ў Цюрлях. Цяпер вучыцца ў Гродне, на спецыяльнасці «Мытная справа».

– У дзяцінстве маёй маме Вераніцы па-вар’яцку падабалася спявачка Ілона Бранявіцкая. Ужо тады яна дакладна вырашыла, калі народзіцца дачушка, назаве Ілонай. Але ад Ілоны Бранявіцкай таленту спяваць мне, на жаль, не перадалося. Хаця імя вельмі падабаецца, памяняць бы не хацела, – расказвае дзяўчына.

Па яе словах, да апошняга дня на УЗІ маці казалі, што будзе хлопчык. Павінны быў нарадзіцца Ягорка, а нарадзілася дзяўчынка.

– Раней, калі ездзіла ў лагеры, санаторыі і знаёмілася з хлопцамі, некаторыя дзівіліся, што імя рэдкае і прыгожае, а ў апошні час імя, здаецца, набірае папулярнасць.
Ва ўніверсітэце да дзяўчыны часцей звяртаюцца поўным іменем, а дома клічуць Ілонкай. У дзвюх аднагрупніц дзяўчыны таксама незвычайныя імёны – Стэла і Рэната.

А вось маладзечанку Ілону Пішчынскую маглі назваць Кацяй – прапаноўвала бабуля. Але бацькі Ірына і Алег выбралі іншае імя. Сына назвалі Мацвеем – у гонар прадзеда па татавай лініі паляка Мацея.

– Быў неяк прыкол у школе, прыдумалі фразу «Ілона, налі адэ­калону», – смяецца су­размоўца. – А так людзі ставяцца нармальна. Клі­чуць і поўным іменем, і Ілонка, і нават Ілосія. Шчыра кажучы, у дзяцінстве імя не вельмі падабалася, ця­пер наадварот. Пры знаёмстве часта перапытваюць, удак­ладняюць, ці пішацца імя праз «Э»? З двума «Л» або з двума «Н»?

Ілона Пішчынская.

Ілона працуе юрыс­консультам і страхавым кансультантам, зай­маецца перакладамі з польскай і англійскай і наадварот.

Сваім дочкам наша гераіня з мужам Андрэем абралі імёны Валерыя і Аліна.

Ева Роўда жыве ў Маладзечне.

– Я родам з Гомельскай вобласці, Лельчыцаў, побач вёска Ручное. У нашай мясцовасці імя Ева распаўсюджанае. Родную цётку, аднакласніцу звалі гэтак жа. Незвычайным яно стала, калі я паехала вучыцца ў Гомельскі політэхнічны інстытут, цяпер Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога. Пры знаёмстве звычайна перапытвалі неаднаразова, ці так мяне завуць. Не верылі. Хлопцы часта жартам называліся Адамамі. Майго дзядулю таксама звалі Адамам.

Суразмоўца адзначае, што імя апошнім часам не з’яўляецца рэдкім і ў Маладзечне. «Цяпер па звычцы часта паварочваюся, калі клічуць, і бачу маленькіх дзяўчынак. Сваім іменем задаволеная».

На жыццё Бажэны Пракаповіч імя не паўплывала. Знаёмыя і калегі называюць яе Бажык, ці Бажок, дамашнія часам – Бажанё, астатнія разы суразмоўца адгукаецца на поўнае імя.

Бажэна нарадзілася ў вёсцы Любань, што на Вілейшчыне, цяпер жыве ў Маладзечне і знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Раней працавала адміністратарам у банку.

Бажэна Пракаповіч.

Маці Галіне і бацьку Сяргею проста спадабалася гэта імя. І змя­ніць выбар бацькоў Бажэна не хоча.

– Яшчэ гадоў пяць-восем таму пры знаёмстве ўзнікалі цяжкасці з запамінаннем імені, людзі дзівіліся, што незвычайнае і прыгожае. А цяпер сустракаю часам цёзак.

Фота забяспечаныя гераінямі артыкула.

Інфаграфіка Ігара Палынскага.