Беларускім лясам пагражае катастрофа, калі лясныя гаспадаркі не змогуць адолець караедаў. Як іх перамагчы, абмяркоўвалі ўсе лясніцтвы Міншчыны ў Маладзечне.

Вялізная небяспека для беларускіх лясоў прасоўваецца з поўдня на поўнач. Яна ўжо закранула лясы Валожыншчыны, Маладзечаншчыны і Вілейшчыны і рушыць вышэй.

Дырэктар Маладзечанскага лясгаса Анатоль Ермаловіч.

Як і для чаго ратавацца ад каранёвай губкі і верхавінных жукоў-караедаў, абмяркоўвалі на абласным семінары для работнікаў лясной гаспадаркі на Маладзечаншчыне.

Чаму гэта праблема №1 для беларускага лесу

Загадчык кафедры абароны лесу Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вячаслаў Звягінцаў патлумачыў небяспеку ад караеда:

– Цяпер у Беларусі надзвычайная сітуацыя са станам лясоў. Упершыню ў гісторыі айчыннага лесаводства мы сустракаемся з паталогіяй такога маштабу. Палова ўсяго нарыхтаванага лесу ў краіне летась – лес, што загінуў з-за караеда. Яго можна выкарыстоўваць, але якасць такой драўніны істотна зніжаецца.

Гінуць яшчэ несаспелыя лясы, памеры драўніны з якіх не самыя лепшыя. Некантраляваная гібель лясоў прыводзіць да суцэльных высечак. Мы губляем эканоміку, таму што драўніна не дасягнула ўзроўню спеласці.

Незадаволенае і мясцовае насельніцтва, калі высякаюць вялікія плошчы. Тут яны яшчэ зусім невялікія, у адрозненне ад поўдня краіны.

У Беларусі летась ссеклі 12 мільёнаў кубаметраў лесу з-за караеда.

Чаму семінар праводзілі маладзечанцы

Галоўны ляснічы Маладзечанскага лясгаса Андрэй Шыбека расказаў:

Андрэй Шыбека.

– Калі кіраўніцтва збірала справаздачы пра каранёвую губку, мы паказалі, што ў нас яе вельмі мала, амаль няма.

Тэлефануе кіраўніцтва: «Ды вы што, не можа быць! Ва ўсёй краіне такая праблема! Вы што, перамаглі яе?»

Адказваю: «Ну, я ж не схлусіў. Мы выкарыстоўвалі розныя метады барацьбы, таму так мала». Генеральны дырэктар сказаў, што прыедзе праверыць, знойдзе хоць адзін ачаг – мне не працаваць. Калі ж праўда – правядзём у вас семінар, і вы ўсіх навучыце, як змагацца з губкай.

Генеральны дырэктар прыехаў і ўпэўніўся, што маладзечанцы казалі праўду. Работнікі сістэмна працуюць над тым, каб не дапусціць распаўсюджвання шкоднага для дрэў грыба.

Праводзяць санітарныя высечкі па тэхналогіі. У сасновых насаджэннях высякаюць зімой, а не летам. Таму што калі сячы пашкоджаныя грыбам дрэвы летам, споры разлятаюцца і заражаюць яшчэ больш дрэў.

Як звязаныя губкі і жукі-караеды

Каранёвая губка – гэта грыбок, з-за якога дрэва хварэе. У сасны губка шкодзіць карані і частку ствала, што выклікае гніль.

Вось гэта каранёвая губка.

Губка аслабляе ахоўныя ўласцівасці дрэва, таму яно лёгка здаецца пад атакай іншых шкоднікаў. Калі ў лесе з’явіліся ачагі губкі, на дрэвы з лёгкасцю нападаюць караеды і ствараюць свае ачагі.

Калі на дрэве пасяліўся караед, ён пачынае спажываць тую частку, праз якую дрэва праводзіць пажыўныя рэчывы і вільгаць. З цягам часу з-за караеда сасна жаўцее, сохне і заўчасна гіне.

З-за ачагоў губкі і караеда дрэвы гінуць масава. І адзін, і другі шкоднік распаўсюджваецца хутка і ахоплівае вялікія тэрыторыі.

караед
Пашкоджанае дрэва можна пазнаць па сіняватым адценні.

Як нашкодзіў караед у рэгіёне

На Маладзечаншчыне ў 2018 годзе з-за караеда высеклі 60 гектараў суцэльнымі высечкамі. У 2017 не спатрэбілася высякаць ніводнага гектара. Сёлета ўжо высеклі два гектары.

Справа Сяргей Філістовіч.

Галоўны ляснічы Вілейскага лясгаса Сяргей Філістовіч расказаў пра сітуацыю з караедам на яго тэрыторыі:

– Праблема сасновага верхавіннага караеда дайшла да нас летась. Выразалі 62 гектары суцэльных санітарных высечак. Участкі невялікія – 0,2,–0,5 гектара. У аб’ёме лясгаса гэта невялікая плошча ў параўнанні з тым, што адбываецца ў суседзяў. Сёлета бачым працяг усыхання. Ужо паставілі на ўлік і высеклі 15,5 гектара.

Атрымліваецца, з таго часу, як жукі апанавалі паўднёвыя лясгасы вобласці, да нас дайшлі праз два гады. Караед з’яўляецца пераважна ў ачагах каранёвай губкі.

Другі справа Сяргей Бараноўскі.

Галоўны ляснічы Валожынскага лясгаса Сяргей Бараноўскі расказаў пра становішча падуладнай тэрыторыі:

– Першая прычына ўсыхання сасновых насаджэнняў – яны аслабленыя, і найперш у ачагах каранёвай губкі. Ускладняе сітуацыю анамальная гарачыня лета, як летась. Зацяжная засуха, а ў нас была мінімальная колькасць ападкаў у параўнанні з суседзямі.

У 2017 годзе мы ссякалі ў Любанскім лясгасе – выразалі каля 200 гектараў. А дома выразалі 50 гектараў.

У 2018 ссякалі толькі дома ельнікі і сасну – агулам каля 324 гектараў суцэльных санітарных высечак. Сярэдняя плошча высечак – 0,8 гектара. Атрымліваецца, шмат участкаў невялікага памеру. А чым меншыя ўчасткі – тым больш клопату. Сёлета пакуль ссеклі 13 гектараў сярэдняй плошчай 0,2.

На жаль, тое, як будзе развівацца справа, не столькі залежыць ад нас, колькі ад надвор’я. Сёння мы абмеркавалі, як змагацца з навалай, а Маладзечанскі лясгас заўсёды ладзіць семінары на вышыні.

Чаму караеды так хутка сталі такой вялізнай праблемай?

Пакуль і навукоўцы не могуць даць адназначнага адказу. Але гэтыя жукі сталі найважнейшай праблемай лясных гаспадарак не толькі Беларусі, але і Украіны, Польшчы, Чэхіі.

Калі пайшоў выбух распаўсюджвання, першай версіяй прычыны сталі кліматычныя змяненні, якія інтэнсіўна прагрэсуюць па ўсёй планеце. Яны змяняюць жыццё ў лясах. Тыя пароды і парадкі, што былі для нас звыклымі, паціху ідуць на поўнач. А да нас прыходзяць новыя.

Калі стаіць спякотнае лета, надыходзіць ранняя вясна, а восень позняя, жук робіць некалькі цыклаў размнажэння. І іх колькасць расце непрадказальна.

Караеды жылі ў лясах Беларусі, але не былі праблемай. Масавую шкоду яны ўпершыню ўчынілі ў 2010 годзе на Гомельшчыне.

Аднак змяненні клімату – толькі адна з прычын распаўсюджвання шкодных жукоў. Калі ён засяляе здаровае дрэва, яно выдзяляе жывіцу і змагаецца з ім. Аслабленае ж дрэва, напрыклад, з-за губкі, супраціўляцца агрэсару не можа.

Яшчэ адна праблема – як ацаніць стан сасны зверху. Для гэтага маладзечанскія ляснічыя выкарыстоўваюць квадракоптар, дзякуючы якому ўсе праблемы лесу як на далоні. Абзавесціся такой тэхнікай маладзечанцы раяць усім калегам, у каго квадракоптараў яшчэ няма.

Як караед адаб’ецца на нас

З-за караеда і губкі ў лясах высякаюць усё большыя плошчы. І гэта нясе вялізныя эканамічныя і экалагічныя страты.

Леснікі садзяць пэўны ўчастак сасновага лесу з разлікам, што яго можна будзе ссекчы праз сто год. А пашкоджанае дрэва даводзіцца ссякаць, калі яму 40-50 год.

На семінары навукоўца Звягінцаў прапанаваў работнікам лясных гаспадарак выкарыстоўваць біяпрэпарат, які зможа дапамагчы дрэвам змагацца з каранёвай губкай. Калі дрэвы будуць здаровыя, яны змогуць змагацца і з караедам.

Даведка «РГ». Верхавінны караед – жучок, распаўсюджаны ў хвойных лясах Еўразіі. Даўжыня 2,2–3,9 міліметра. Шкодзіць сасну, часам елку, лістоўніцу, піхту. Размнажаецца ў аслабленых сасновых насаджэннях.