Дзе летась знаходзілі перавышэнне радыяцыі

Фота Sputnik - Sputnik Беларусь.

У 2018 годзе спецыялісты цэнтра гігіены абследавалі 107 аб’ектаў жылога, вытворчага і грамадскага прызначэння.

Кантралявалі магутнасць эквівалентнай дозы гама-выпраменьвання і аб’ёмнай актыўнасці ізатопаў радону (ЭРАА). Вымяралі пры адводзе зямельных участкаў пад будаўніцтва, запуску ў працу аб’ектаў, закончаных будоўлях, пасля рэканструкцыі ці капітальнага рамонту.

Дзе лепш не збіраць дары лесу

На ўсіх даследаваных аб’ектах актыўнасць радону не перавышала нарматыўных значэнняў. Гама-фон не перавышаў натуральны фон для адкрытай мясцовасці.

Цягам мінулага года кантралявалі ўтрыманне радыенуклідаў цэзію-137 у дровах, прадуктах, вадзе з цэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння вытворчага сектара. Грамадзяне прасілі праверыць прадукты з асабістых прыватных гаспадарак, у леках і дзікарослай прадукцыі.

Даследавалі 19 проб дроў і 204 з вытворчага сектара. Усе яны былі ў норме.

Сярод 79 даследаваных проб ад жыхароў адна проба ягад з Іжы Вілейскага раёна не адпавядала нормам радыяцыйнай бяспекі. Радыенукліды цэзію-137 перавысілі дапушчальны ўзровень у 1,6 раза.

Правяраюць на радыяцыю і на рынку

На рынку Маладзечанскага райспажыўтаварыства правярае на радыяцыю лабараторыя ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Тут правяраюць прадукты для асабістага ўжывання і дзікарослыя расліны, якія прадаюць на рынку.

Летась перавышэнне радыенуклідаў цэзію было ў дзвюх пробах грыбоў – курачках, што сабралі ля Чарчонава Вілейскага раёна, і змешаных грыбах з хоўхлаўскіх лясоў Маладзечанскага раёна.

Перавышэнне дапушчальнага ўзроўню было ў 6,7 і 1,8 раза адпаведна.

Вёскі пад кантролем

Штогод праводзім маніторынг населеных пунктаў, якія трапілі пад радыяцыйны кантроль у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Сярод іх пяць вёсак Хажоўскага і дзве вёскі Гарадоцкага сельсавета.

Па выніках кантролю ў 2018 годзе, магутнасць эквівалентнай дозы гама-выпраменьвання ў гэтых мясцовасцях не перавышала натуральны фон.

Яна склала менш за 0,2 мк3/гадзіну. Уся мясцовая прадукцыя – гародніна, фрукты, малако – адпавядала гігіенічным нарматывам.

Радыяцыйная абстаноўка па горадзе і раёне застаецца стабільнай. Выпадкаў аварый на аб’ектах, што выкарыстоўваюць крыніцы іанізуючага выпраменьвання, і на патэнцыйна небяспечных аб’ектах у  мінулым годзе не зарэгістравана.

• Текст доступен на языке: Русский