духавыя інструменты
Фота Руслана Апановіча.

2-3 сакавіка на базе Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага адбыўся ІІІ Адкрыты конкурс маладых выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Агінскага (група духавых і ўдарных інструментаў).

Разнастайныя эмоцыі і падзеі, творчыя спаборніцтвы і сустрэчы старых і новых сяброў, цудоўныя два дні асалоды ад пачутай музыкі!

Конкурс аб’яднаў 133 саліста малодшай і старэйшай узроставых груп з нашай рэспублікі, а таксама з музычнага каледжа імя Рымскага-Корсакава (Санкт-Пецярбург, Расія), падрыхтоўчага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (кітайскія музыкі).

У праграме конкурса былі прадугледжаны акустычныя рэпетыцыі, конкурсныя праслухоўванні па намінацыям.

Яны праходзілі ў трох канцэртных залах: Вялікая і Малая залы музычнага каледжа і канцэртная зала Дзіцячай школы мастацтваў Маладзечна.

Акрамя гэтага адбыліся цікавыя хвалюючыя ўрачыстасці адкрыцця і ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу з удзелам аркестра духавых інструментаў каледжа, кіраўнік  Аляксей Андрэеў.

Падчас адной з іх старшыня журы, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Скараходаў зазначыў: “Я вельмі ўражаны ўдзельнікамі конкурса, гэтымі маладымі таленавітымі музыкантамі. Сёння нехта вельмі ўзрадаваўся, а нехта не даіграў гамы, эцюды, што сказалася на вашым майстэрстве. Мы, журы, бачым вашы сэрцы і душы, чуем іх, удзячны вашым выкладчыкам і канцэртмайстрам за ваша выхаванне. Вяртайцеся дамоў, радуйцеся жыццю і радуйце іншых сваім музычным майстэрствам!”

На аснове рашэнняў журы аркгамітэт конкурса шчодра аддзячыў лепшых музыкантаў – больш 70 удзельнікаў сталі лаўрэатамі спаборніцтва і атрымалі каштоўныя падарункі.

Усе прысутныя адзначалі высокі выканальніцкі ўзровень удзельнікаў конкурса, выказвалі моцныя ўражанні ад каледжа, цудоўнай арганізацыі конкурса.

Наш рэгіён быў прадстаўлены 24 маладымі музыкантамі з Маладзечна (школа мастацтваў, музычны каледж), з Бярэзінскай, Валожынскай, Вілейскай, Заслаўскай, Лебедзеўскай, Смаргонскай, Лебедзеўскай дзіцячых школ мастацтваў.

Сярод васьмі лаўрэатаў 1-3 прэміі – музыканты малодшай групы Дуйнова Дар’я, Багачоў Ян, Дабравольскі Браніслаў (Маладзечна), Мігаленя Ганна (Заслаўль), Мамай Раман (Вілейка), Грыб Сяргей (Лебедзева). Маладзечанскі музычны каледж прадставілі Шэйма Ганна, Шчуцкі Павел, Рагальчук Ілля, Пусянкоў Мікіта, Чадовіч Яўген.