У цэнтры Мінска аўчарка напала на маленькую дзяўчынку і пракусіла ёй вуха

7 сакавіка ў раёне вуліцы Куйбышава ў Мінску сабака накінуўся на дзіця, пракусіўшы вуха. Мама дзяўчынкі кажа, што ўсё адбылося ў лічаныя секунды, калі яны праходзілі міма. Гаспадар ударыў аўчарку ў жывот і хутка збег з месца здарэння, піша Tut.by.

— Мы з дзіцем ішлі па старэйшую дачку ў дзіцячы сад, — успамінае Таццяна, якая звярнулася ў рэдакцыю Tut.by. — З-за вугла выйшаў мужчына з сабакам, чалавек быў асацыяльнага выгляду. Сабака быў на павадку, але без намордніка. Мы ішлі хуткім крокам, дзіця я трымала за руку. Калі сабака параўняўся з намі, ён зрабіў крок за дачкой і са спіны на яе напаў.

Жанчына кажа, што нават не паспела зразумець, што адбылося. Яна адразу ўзяла дачку на рукі, тая плакала і крычала: «Вуха! Вуха!». Усё было ў крыві. Мужчына, па словах Таццяны, адцягнуў сабаку, некалькі разоў ударыў яго па жываце, і збег.

— Я адразу выклікала хуткую, а толькі потым агледзелася, дзе ж гаспадар сабакі. Але яго ўжо не было. На наступны дзень муж Таццяны звярнуўся з заявай у міліцыю. Мужчына паспрабаваў сам адшукаць відавочцаў, але яму гэта не ўдалося.

Праваахоўнікі, па словах мамы, іх пакуль не апытвалі. Усе гэтыя дні Таццяна з дачкой знаходзіцца ў шпіталі.

— Уколы супраць шаленства даюць, антыбіётыкі, на заўтра запланаваная аперацыя пад наркозам, будуць зашываць вуха. Слых захаваны, але дачка моцна спалохалася, — кажа яна.

Таццяна спадзяецца, што міліцыя ўсё ж знойдзе ўладальніка аўчаркі:

— Мне не патрэбна кампенсацыя, я хачу, каб жывёлу прыбралі з вуліцы. Як мне жыць у гэтым раёне, ведаючы, што за сто метраў ад дома ходзіць сабака, які нападае на дзяцей? У нас там тры дзіцячыя садкі побач! Мы зараз баімся выходзіць на вуліцу.

Згодна з правіламі ўтрымання хатніх жывёл, уладальнікі сабак абавязаны браць іх на ланцуг, а калі сабака вышэй за 25 см, адзяваць наморднік. Сачыць за гэтым павінны работнікі ЖЭСаў. Парушальніка могуць папярэдзіць, аштрафаваць (да 30 б.в.) або даць адміністрацыйны арышт.

• Текст доступен на языке: Русский