На памятнике Дороге среди имен известных людей есть имени Тараса Шевченко. На фото - Леонид Лысокобылка во время мероприятия.

10 сакавіка каля помніка Дарозе, што побач з вёскай Мясата, сябры культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў «Краяны» правялі імпрэзу, прысвечаную 205-годдзю з дня нараджэння ўкраінскага паэта, мастака, грамадскага дзеяча Тараса Шаўчэнкі.

Дэлегацыя ў Мясаце.

На мерапрыемстве прысутнічалі таксама першы сакратар Амбасады Украіны ў Беларусі Іван Башняк і кіраўнік беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» Віктар Гутоўскі. 

– Сёння мы сабраліся, каб пакласці кветкі да адзінага ў свеце помніка Дарозе, па якой праходзіў наш слаўны паэт Тарас Шаўчэнка, 205 год ад нараджэння якога мы адзначаем, – адкрыў мерапрыемства кіраўнік «Краянаў» Леанід Лысакабылка.

Прыгадалі біяграфію знакамітага ўкраінскага паэта, прачыталі яго паэзію, усклалі кветкі да помніка. Таксама прагучаў верш Янкі Купалы «Тарасова доля», прысвечаны Шаўчэнку.

Юбілей Тараса Шаўчэнкі сёлета маштабна адзначаюць ва Украіне. Украінцы з Маладзечна таксама не змаглі застацца ўбаку.

Справа налева: Іван Башняк, Леанід Лысакабылка, Віктар Гутоўскі.

Даведка «Рэгіянальнай газеты»

Помнік Дарозе каля вёскі Мясата на Маладзечаншчыне – помнік Віленскаму тракту. Па ім у розныя часы хадзілі і ездзілі вядомыя асобы Беларусі. Іх імёны пералічаныя на помніку. У спісе Сымон Будны, Янка Купала, Міхал Агінскі, Змітрок Бядуля, Міхась Чарот і многія іншыя. Ёсць і імя Тараса Шаўчэнкі. У 1829 годзе па гэтай дарозе будучы паэт ішоў да Вільні.

Фотаздымкі забяспечаныя Леанідам Лысакабылкам.