Фота з архіва каманды.

У Гродне прайшла абласная спартакіяда па цяжкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2004 года нараджэння і менш. У камандным заліку ашмянскія спартсмены занялі другое месца.

На працягу апошніх чатырох гадоў касцяк ашмянскай каманды складаюць навучэнцы Кальчунскай і Жупранскай школ. Па словах трэнера Міхаіла Станкевіча, шмат у чым так складваецца дзякуючы дырэктарам устаноў адукацыі Яўгену Навіцкаму і Кацярыне Астрамовіч, якія падтрымліваюць сваіх выхаванцаў, спрыяюць прыцягненню падлеткаў да заняткаў фізічнай культурай і спортам і не перашкаджаюць удзелу ў спаборніцтвах. Дамагаючыся ў цяжкай атлетыцы значных вынікаў, вучні падымаюць імідж не толькі сваіх школ, але і раёна ў цэлым.

На абласной спартакіядзе ашмянская каманду прадставілі 16 спартсменаў, асноўная маса якіх у сваіх вагавых катэгорыях трапіла ў запаветную шасцёрку наймацнейшых. Самы юны ўдзельнік спаборніцтваў Даніэль Жабінскі (Жупранская СШ), нажаль, стаў шостым, аднак змагацца спартсмену прыйшлося з 43 супернікамі, заяўленымі ў вагавой катэгорыі да 49 кг.

У лік прызёраў у камандзе сярод юнакоў ўвайшлі Мікіта Мажэйка, Дзяніс Галамбоўскі і Аляксей Шукеловіч, якія занялі трэція месцы. Усе спартсмены вучацца ў Жупранскай СШ.

Сярод дзяўчат золата дамагліся вучаніцы СШ №1 Лізавета Матарас (вага да 40 кг) і Настасся Афанасьева (да 59 кг). Вучаніцы Кальчунскай СШ Карына Загорская (да 49 кг) і Маргарыта Акуліч (да 64 кг) сталі бронзавымі прызёрамі. Трэцяе месца і ў Тэрэзы Кірдзік (да 55 кг) з Жупранскай СШ. У гэтай вазе Яна Рыбіна (Кальчунская СШ) заняла чацвёртае месца.

Згодна з рашэннем савета спартыўна-атлетычнага клуба “Аякс”, пераможцы Лізавета Матарас і Настасся Афанасьева атрымалі грашовую прэмію ў памеры 10 рублёў.