Жыхар Астраўца “загнаў” чужыя туі і трапіў пад суд

У адзін з ліпеньскіх дзён Вячаслаў, выйшаўшы з крамы, выпадкова сутыкнуўся з маладым чалавекам, з якім яны пасля разгаварыліся. У працэсе гутаркі Рыгор, так звалі мужчыну, пацікавіўся ў новага знаёмага, дзе ў Астраўцы можна купіць туі.

Вячаслаў сказаў, што сам вырошчвае дэкаратыўныя расліны і можа прадаць патрэбную колькасць. Дамовіўшыся сустрэцца на наступны дзень, мужчыны разышліся.

Ноччу п’яны Вячаслаў адправіўся ў сваю «цяпліцу». Толькі знаходзілася яна на чужой вуліцы каля чужога дома. І туі належалі зусім іншаму чалавеку. Раніцай Вячаслаў прадаў Рыгору 23 скрадзеныя туі.

На гэтым «бізнэс» Вячаслава скончыўся: зламысніка знайшлі і прыцягнулі да адказнасці.

У судзе мужчына цалкам прызнаў сваю віну і чыстасардэчна раскайваўся – гэта, а таксама яўка з павіннай сталі змякчальнымі абставінамі пры вынясенні прысуду. Аднак тое, што Вячаслаў злоўжывае алкаголем і ўжо не першы раз робіць замах на чужую ўласнасць, гаварылі не на яго карысць.

Суд Астравецкага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у крадзяжы маёмасці, здзейсненым паўторна, і прызначыў пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 1 месяц.