Ямачны рамонт на вуліцы Чапаева ў Вілейцы зробяць за сакавік. Ці задаволіць гэта жыхароў?

Фото дороги на Чапаева, приложенное к тексту петиции.

Пра незадавальняючы стан дарогі у Вілейцы на вуліцы Чапаева мы пісалі неаднаразова.

Жыхары вуліцы разам з актывістам Максімам Ціханавым звярталіся ў розныя інстанцыі. У тым ліку, у Адміністрацыю Прэзідэнта.

На сайце Зручны горад вілейчукі размясцілі петыцыю. Заяўнікі лічаць, што трэба якасна адрамантаваць дарогу па вуліцы Чапаева ў Вілейцы. Рамонт неабходны, бо гэта, па словах заяўнікаў, адна з папулярных у горадзе вуліц. Тут знаходзяцца Еўраопт, завод, жылыя дамы.

На сайце з’явіўся адказ Вілейскага райвыканкама ад 28 лютага. У ім гаворыцца, што капітальны рамонт павінны былі зрабіць яшчэ ў 2015 годзе пасля пракладкі сеткі дажджавой каналізацыі. Але не хапіла грошай, таму ў 2015 годзе будаўніцтва прыпынілі, а ў 2016 закансервавалі. Калі з’явяцца грошы, будаўніцтва сеткі могуць узнавіць.

У сувязі з недахопам грошай у 2019 годзе капітальны рамонт на згаданым участку незапланаваны.

У адказе пішуць таксама, што, каб прыбраць крытычную ямачнасць, на вуліцах Вілейкі робяць ямачны рамонт. Атрымаўшы зварот, ямачны рамонт зрабілі і на вуліцы Чапаева па маршруце руху аўтобусаў. Працы працягваюць.

І за сакавік абяцаюць прыбраць усе ямы на дарозе.

Мы звязаліся з ініцыятарам звароту, грамадскім актывістам Максімам Ціханавым.

– З адказу вынікае, што яшчэ ў 2015 годзе распачалося нейкае будаўніцтва нейкай сеткі дажджавой каналізацыі, але атрымліваецца, што будаўніцтва скончылася і не пачаўшыся. Ці пачалося незаўважна для жыхароў, ды грошы скончыліся, а далей грошай не давалі. Варта зрабіць запыт па гэтаму будаўніцтву, ды больш дасканала даведацца, што адкуль узялося і чаму скончылася, – лічыць Максім.

На думку Максіма, ямачны рамонт доўга не пратрымаецца. Ён заўважаў, што апрацаваныя яміны маюць узровень вышэй ці ніжэй да ўзроўню астатняй дарогі.

Не будзе ніякай панацэяй такі рамонт для нашых аўто, перакананы мужчына.

– Будаўніцтва сеткі дажджавой каналізацыі – гэта добрая справа. Але ўжо ўсё стаіць тры гады. І невядома праз колькі год будаўніцтва адновіцца. Але дакладна не сёлета, як вынікае з адказу. На маю думку, будзе лепшым варыянтам цалкам адрамантаваць дарожнае пакрыццё, – падсумаваў Максім.