За месяц, што сядзеў у турме, не напісала ніводнага ліста. Стала вядома, за што юнак задушыў 16-гадовую дзяўчыну

У панядзелак, 11 сакавіка, праваахоўнікі знайшлі цела дзяўчыны ў адным з закінутых дамоў вёскі Хільковічы Круглянскага раёна. На месца тут жа выехала следча-аператыўная група. Падчас агляду месца злачынства следчыя знайшлі сляды, якія вядуць у бок лесу. У выніку каля паўночы ў 20 кіламетрах затрымалі 20-гадовага юнака.

– Падчас аперацыі перакрылі ўсе дарогі, прачасалі лясны масіў пры дапамозе службовых сабак, – распавёў начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Маскалёў. – Ён ужо быў у бездапаможным стане, змёрзлы, таму што пасля злачынства кінуў верхнюю вопратку і стаў уцякаць.

Як высветлілася, у гэты дзень хлопец вярнуўся з папраўчай установы, дзе знаходзіўся месяц па рашэнні суда.

Маладога чалавека прызналі вінаватым за ўхіленне ад прызыву і выплаты штрафу. У гэты дзень яны сустрэліся з дзяўчынай і пасварыліся. У РАУС ён прызнаўся, што задушыў сяброўку шалікам.

– Распавёў, што здзейсніў усё на глебе рэўнасці, – працягвае Маскалёў. – З-за таго што дзяўчына за той месяц, калі ён адбываў пакаранне за ўхіленне ад вайсковай службы, не напісала яму ніводнага ліста.

УСК па Магілёўскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле «Забойства». Хлопцу пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення свабоды.

Цяпер па крымінальнай справе дапытваюць сведак, а таксама прызначылі шэраг экспертыз, якія будуць праводзіць спецыялісты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці. Расследаванне працягваецца.