“Хлопчыкі, ідзіце да нас!” – звяртаюцца да мужчын  жыхаркі двара.

“Ад агульнай справы – да добрасуседства” – пад такім дэвізам жыхары аднаго з двароў па Скарыны 9 сакавіка арганізавалі ўласныя провады зімы.

Святкавалі на імправізаванай сцэне ля выезду з двара. Прынеслі падаўжальнікі і мікрафон, адзеліся ў каляровыя касцюмы, падрыхтавалі рэквізіт. Патроху “падцягнуліся” людзі, зацікаўленыя нязвыклым для двара відовішчам, і пачалося.

Наведнікі паспрабавалі сябе ў гульнях і конкурсах, паслухалі вакал і спевы пад гітару. Пад самаробнай “стужкай жаданняў” прайшоў не адзін дзясятак чалавек – усе хацелі, каб іх мары спраўдзіліся. Гулялі ў перацягванне каната, вадзілі карагоды і сустракалі ўласнаруч зробленую “Масленіцу”. Праўда, паліць яе не сталі. А вядомая песня “Тры чарапахі” прыцягнула многіх мінакоў.

Бясплатна елі бліны

Дзяцей жа запрасілі пакатацца на сапраўдным поні. Васьмігадовую Мусю прывезлі з Цівідаўкі, што пад Маладзечнам. І яна аказалася сапраўдным гваздом праграмы – дзятва ад Мусі не адыходзіла ні на крок. Шпацыр па двары каштаваў пяць рублёў.

Якая ж Масленіца без бліноў? Жыхары двара пра традыцыйную страву не забыліся. Яны прачыталі аб’явы, напяклі бліноў самых розных формаў. І  пасля канцэрта зладзілі чаяванне. Бліны, цукеркі, печыва, яблыкі, гарачы чай бясплатна змог пакаштаваць кожны.

У знак праведзенай Масленіцы ў двары на адным з дрэў з’явіўся арт-аб’ект. Яго прыдумала і стварыла Кацярына Камельчык. Асноўны круг у выглядзе сонца з промнямі быў звязаны спецыяльна да Масленіцы. Таксама дрэва ўпрыгожылі карункавыя вязаныя сурвэткі, якія прыносілі ахвотныя.

Стварылі адпачынак для ўсяго двара

Людзі на Масленіцу прыходзілі з усіх навакольных дамоў. Аб’явы пра святкаванне арганізатары расклеілі па пад’ездах на навакольных дамах яшчэ за некалькі дзён, але даведваліся пра Масленіцу і ад сяброў, суседзяў, родных. А падчас гульняў і песень шмат мінакоў наўпрост затрымліваліся, каб далучыцца да свята.

– Спадабаўся поні, бліны смачныя, добрая арганізацыя. Хочацца, каб такія мерапрыемствы праводзілі часцей. Унукам забава ды і пажылым цікава паглядзець. Вядома, першы раз у нас такое ладзяць, хочацца, каб больш людзей прыцягнулі і каб рэкламу лепшую зрабілі. Сам даведаўся пра свята з аб’явы на пад’ездзе, – дзеліцца пенсіянер жыхар дома №1 Эдвард.

Жыхарка гэтага ж дома Святлана ўпэўненая, падобныя святы добра аб’ядноўваюць суседзяў. Свята яна пабачыла з акна дома і вырашыла падтрымаць. “Цудоўная ініцыятыва. Дагэтуль не верыцца, што можна стварыць сваімі рукамі адпачынак для ўсяго двара”.

Як узнікла ідэя

– Ідэя зладзіць свята ўзнікла на адной з сустрэч маладзечанскага дыскусійнага клуба, якая была прысвечаная ўстанаўленню адносін паміж суседзямі і палепшанню двара. Падчас яе зразумела, што аб’яднаць людзей цалкам магчыма, – дзеліцца адна з арганізатараў Ірына Тархан. – Даўно хацелася стварыць падобнае свята.

Гэта не першае мерапрыемства, арганізаванае ў двары. У студзені правялі першы так званы суботнік – сабраліся, каб пачысціць снег. Па словах Ірыны, было цікава, колькі чалавек падтрымае. У выніку прыбіралі шасцёра. Пазнаёміліся бліжэй і захацелі прадоўжыць справу добрасуседства.

Стварылі групу ў вайберы “Наш двор”, прыцягнулі знаёмых і суседзяў. І праз два тыдні ўжо зладзілі Дзень снегавіка. Зляпілі снегавіка і снежную крэпасць у двары. “Калі потым вечарам пілі чай, нас ужо было 17 чалавек”. Тады і вырашылі арганізаваць Масленіцу.

На свяце было каля 100 чалавек

Ірына прызнаецца, свята абышлося амаль цалкам бясплатна. Яе знаёмая Наталля Бабаян, выхавальніца санаторнай школы-інтэрната, выступіла перад гледачамі ў якасці Вясны. Скамарохамі былі жыхаркі дома  №1 Вольга Гапановіч і Настасся Патокіна. Ролю Зімы выканала Ульяна Жалевіч. Пелі і ігралі на гітары таксама знаёмыя дзяўчаты.

– Мэта свята – наладзіць адносіны паміж суседзямі, звярнуць увагу людзей на тое, што ёсць ініцыятыўная група. На Масленіцу прыйшло каля 100 чалавек з самых разных раёнаў, нават былі знаёмыя з Мінска.

Могуць стварыць у двары дзіцячую пляцоўку

Ідэю стварэння ў двары спрыяльнага асяроддзя ўжо падалі як праект на конкурс ініцыятыў у Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый. Ірына кажа, магчыма, у двары можа з’явіцца дзіцячы спартыўны гульнявы комплекс, пясочніца, сядзенні з паддонаў, альтанка ці крыты навес. “Нашы дзеці часта збіраюцца на бетонных прыступках у двары, чаму б не зрабіць для іх добрыя ўмовы?”

Калі будзе наступнае мерапрыемства

Ірына дзеліцца, наступнае свята будзе ўжо праз месяц. Папярэдняя дата – 13 красавіка. Святкаваць будуць Дзень шпакоўні, абяцаюць правесці конкурс сярод дзяцей на лепшы домік для птушак. Асаблівых патрабаванняў няма, але крэатыўны падыход вітаецца.

На Дзень шпакоўні запрашаюць усіх ахвотных. Таксама шукаюць музыкантаў, валанцёраў, людзей з цікавымі ідэямі па арганізацыі мерапрыемства. За кантактамі арганізатараў звяртайцеся да нас у рэдакцыю па тэлефоне +375 (17) 653-78-06 ці пішыце на пошту regionnews@rh.by.

Больш фота глядзіце тут.

• Текст доступен на языке: Русский