Славамір Адамовіч, фота Радыё Свабода.

У дачыненні да радыкальнага паэта Славаміра Адамовіча завялі крымінальную справу за «крадзеж з пранікненнем у жыллё».

Справу завялі ў снежні 2018 года, апошнім часам ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» Адамовіч не стаў расказваць падрабязнасці справы, але патлумачыў, што гаворка вядзецца пра суму каля 300 рублёў. Заяву на яго напісала іншая фізічная асоба.

Адамовіч звязвае пераслед са сваёй грамадскай актыўнасцю.

Суд адбудзецца 22 сакавіка ў Мар’інай Горцы. Адамовічу пагражаюць выпраўленчыя працы на тэрмін на двух гадоў, арышт, абмежаванне свабоды на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін.

Славамір Адамовіч – наш зямляк. Ён скончыў 8 класаў Будслаўскай школы.

Быў адным з заснавальнікам Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», здабыў папулярнасць у 1990-ыя.

У 1995 годзе напісаў верш «Убей президента!», за што быў арыштаваны. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз дзесяць месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд. Пакаранне, да якога прыгаварыў Славаміра Адамовіча суд, фактычна абмяжоўвалася тым тэрмінам, які ён ужо адбыў у зняволенні.

У 1997 годзе на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У пачатку 2000-ых эміграваў у Нарвегію, але ў 2009 годзе вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў Мар’інай Горцы.