Фота прадастаўленае shliah.by ДЮСШ прафсаюзаў.
6 сакавіка ў Стамбуле прайшла міжнародная матчавая сустрэча сярод юнакоў і дзяўчат з Беларусі, Казахстана, Турцыі, Украіны і Францыі. Абараняць гонар нашай краіны на гэтых спаборніцтвах адправіліся 33 спартсмены 2002-2003 гадоў нараджэння.
Сярод іх быў выхаванец Смаргонскай ДЮСШ прафсаюзаў Аляксей Дудзінскі (трэнеры Дзмітры Жук і Уладзімір Дземянчук). Наш зямляк прадстаўляў Беларусь у скачках у даўжыню.

Дырэктар спартшколы Алена Барташэвіч патлумачыла, што гэты старт заключны ў доўгім зімовым сезоне нашых юных спартсменаў.

– Ужо з першай спробы Аляксею Дудзінскаму скарылася сяміметровая мяжа. Лёгкаатлет скокнуў на адзнаку 7 метраў 13 сантыметраў, тым самым пабіў асабісты рэкорд. Гэты вынік дазволіў смаргонцам заваяваць золата для нашай зборнай, – адзначыла Алена Барташэвіч.

У выніку каманда Беларусі заняла трэцяе месца, саступіўшы зборным Францыі і Турцыі.