Фота Politeka.

Сертыфікаты ў фітнес-клуб, салярый, брэндавае адзенне і іншыя прызы атрымалі навучэнкі гандлёва-эканамічнага каледжа, якія змагаліся за тытул «міс» навучальнай установы.

Будучыя юрысты, бухгалтары, эканамісты і лагісты на час ператварыліся ў артыстак і мадэляў. Кожная з дзесяці канкурсантак рыхтавала творчую «візітку». Цікавую самапрэзентацыю ў стылі дэтэктыву пра Шэрлака Холмса і доктара Ватсана прапанавала Дар’я Таркалат. Алёна Кастэнка чытала рэп. Разам з Ганнай Радзько на сцэне была вялікая дружная каманда падтрымкі (уся яе група).

Сярод самых яркіх момантаў конкурсу — дэфіле ў дзелавых касцюмах і вячэрніх уборах. Найбольш складаныя спаборніцтвы называліся «Дзе логіка?» і праводзіліся па матывах аднайменнай тэлеперадачы. Удзельніцы разгадвалі выразы з розных казак, зашыфраваныя ў карцінках.

Парадавалі дзяўчаты і творчымі нумарамі. Публіка была ўражана выступленнем Анастасіі Кастэнка, якая прапанавала відэаролік пра ўласнае хобі — бодзі-арт.

Анастасія Найдзенка вельмі прыгожа танцавала вальс са сваім маладым чалавекам. Спадабаўся гледачам і танец Ганны Радзько з групай падтрымкі. Анастасія Буракоўская здзівіла ігрой на цымбалах.

Журы было не проста вызначыцца з фаварыткамі. Першай узнагароду атрымала Анастасія Найдзенка — «Міс глядацкіх сімпатый». Гэта вынік анлайн-галасавання, у якім прынялі ўдзел звыш пяці з паловай тысячы чалавек. Ксенія Машонская – другая віцэ-міс, Анастасія Буракоўская – першая. Пераможцай і «Міс каледжа 2019» названа Ганна Радзько.

Усе канкурсанткі атрымалі клубныя карты, запрашальныя білеты на матчы хакейнага клуба «Дынама-Маладзечна», сертыфікаты фітнес-клуба.

Падарункі ўручылі і заснавальнікі брэнда адзення Яўгеній Тышкевіч і Аляксандр Крыкала з Валожына (якія ў свой час закончылі наш гандлёва-эканамічны каледж).

Уладальніца галоўнага тытула конкурсу атрымала таксама запрашальны білет на канцэрт папулярнай групы «Без білета» і сертыфікат у салярый. Ад інтэрнэт-магазіна кветак усім прыгажуням падарылі кветкі.