Фота Vplate.ru.

Пляцоўку для новага ЗАГСа вызначылі ў Маладзечне. Ён вырасце ў самым цэнтры горада, на месцы цяперашняй аўтастаянкі, і стане ўпрыгожваннем райцэнтра, піша mlyn.by.

Пра гэта падчас прэс-тура распавёў журналістам старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юры Горлаў.

Па словах кіраўніка, цяпер памяшканне ЗАГСа знаходзіцца ў жылым доме і выглядае як крама крокавай даступнасці.

– Плануем пабудаваць будынак па індывідуальным праекце і ўпісаць у архітэктуру невялікі скверык, а таксама пляцоўку, якая б дазволіла праводзіць шлюб як унутры, так і на вуліцы, – адзначыў Юрый Горлов.

Прапанова выкарыстоўваць пры будаўніцтве і добраўпарадкаванні тэрыторыі еўрапейскія падыходы ўнёс намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. Архітэктарам, якія працуюць над дакументацыяй, ідэя спадабалася.

– Прызнаюся, што рашэнне аб будаўніцтве новага будынка ЗАГСа далося нам няпроста – сказаў Юры Горлов. – Гораду не хапае і школ, і дзіцячых садкоў. Але будуць і яны. Літаральна ў наступным годзе прыступім да будаўніцтва дзіцячага саду-пачатковай школы ў мікрараёне №11, а да 2030 года, згодна з дапрацаваным генпланам горада, збудуем пяць дзіцячых садкоў.