Канцэрт выканаўцы блатных песень Віктара Каліны павінен адбыцца ў Вілейцы 2 красавіка. Аднак гэта абурыла некаторых жыхароў горада. І ў інтэрнэце з’явілася петыцыя за адмену канцэрта. Ужо сабрана 660 подпісаў, піша “Наша ніва”.

Аднак кіраўніцтва пляцоўкі, дзе павінен выступіць Віктар Каліна, не бачыць падставаў для адмены канцэрта.

«Калі гэтаму артысту выдалі гастрольнае пасведчанне, — а я думаю, што яго праверылі на наяўнасць нейкіх магчымых праблем, — то ніхто Віктару Каліне не адмовіць у выступленні ў нашым горадзе», — тлумачыць дырэктарка Вілейскага палаца культуры Алеся Высоцкая.

На афішы пазначана, што ўзроставае абмежаванне на гэты канцэрт 12+. Ці варта дзецям слухаць песні з радкамі: «Не шмонай мне душу, мент, я тебе совсем не кент, что ты там напел жене, как ты, сука, дорог мне»?

«Канкрэтна гэтай песні ў праграме, якую заявіў артыст, няма. Перад тым, як атрымаць гастрольнае пасведчанне, артыст павінен прадставіць праграму песень, якія плануе выканаць падчас канцэрта. І тады вырашаецца, гледачам якога ўзросту можна наведваць гэты канцэрт», — тлумачыць Алеся Высоцкая.

Між тым, сам спявак таксама выказаўся наконт магчымасці адмены выступу на сваёй старонцы «У кантакце»:

«Ад 2015 года, са студзеня, нічога не мяняецца. Адзін тэкст, адно патрабаванне, адныя і тыя ж памылкі, толькі змяняецца назва горада. Усё ад пачатку да канца хлусня і сфабрыкаваны ўкід! Казаў і паўтаруся, гэтыя недаразвітыя апазіцыйныя звяркі мяне нават не забаўляюць».

На канцэрт у Палацы культуры, які змяшчае 500 чалавек, пакуль прададзена каля 100 білетаў.

Глядзіце, як рэагіраваў маладзечанскі Палац культуры.