Навучальныя праграмы складаныя і іх трэба мяняць – Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз раскрытыкаваў адукацыйны працэс. Чым гэта пагражае школе?
Што робіць школьную праграму складанай
Ганна Севярынец – настаўнік рускай мовы і літаратуры. Адна яе дачка – студэнтка, другая вучыцца ў старэйшых класах, а сын – у малодшых. Ганна ведае школьныя праграмы і як педагог, і як мама.
– Я бачу не складанасць, а нелагічнасць і дурноту ў праграмах з-за таго, што ў іх умешваюцца некампетэнтныя людзі, – лічыць настаўнік.
Напрыклад, цяпер не вывучаюць віды аднасастаўных сказаў. І дзеці шукаюць дзейнік, якога не існуе. Таксама падчас спрашчэння праграмы па рускай мове з яе прыбралі разрады займеннікаў. Дзевяць разрадаў вывучыць няпроста, але без іх дзеці прымаюць за прыметнікі такія словы, як «кожны», «іншы».
– Мае вучні ведаюць разрады займеннікаў, таму што я не разумею, як па-іншаму можна даць марфалагічную сістэму мовы, – кажа Ганна.
Рэпетытар па матэматыцы і фізіцы Яўген Лівянт кажа, што па ўзроўні складанасці задач па фізіцы і матэматыцы праграмы цяпер значна больш складаныя, чым былі ў савецкай школе.
– Навука ўсё тая ж, а задачы больш складаныя, – кажа ён. – Хоць развіццё ІТ-тэхналогій патрабуе не ўскладняць задачы, а больш іх рашаць па інфарматыцы і па тэорыі верагоднасці.
Вось і Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што «нам менш за ўсё ў краіне патрэбныя матэматыкі».
– Школьную праграму па матэматыцы можна спрасціць, напрыклад, у частцы рашэння задач, – пагаджаецца Яўген Лівянт.
Паводле яго ацэнкі, па хіміі, біялогіі, геаграфіі патрабаванні ў школе сталі вышэйшыя, а дзеці ўсё роўна не валодаюць базавымі ведамі.
– Праблемай з’яўляецца тое, што ў сістэме школьнай адукацыі то ўводзяць, то адмяняюць, то зноў уводзяць профільнае навучанне ў старэйшых класах. А цяпер гімназіі спрабуюць ператварыць у звычайныя школы, – канстатуе эксперт.
Яшчэ адна прэтэнзія Аляксандра Лукашэнкі да адукацыі, што дзеці з-за няправільнага выкладання вырастаюць непрыстасаваныя да жыцця.
Калі б школа была больш аўтаномнай, то было б разумна даць ёй магчымасць выбраць, у якой форме праводзіць урокі працы так, каб навучыць і хлопчыкаў, і дзяўчынак базавым жыццёвым навыкам, лічыць Яўген Лівянт.
– У рэшце рэшт, прасаваць адзенне і ўкручваць лямпачку трэба ўмець і тым, і другім, – кажа ён.
«Зразумелай адукацыйнай палітыкі няма, а Лукашэнка ўсё крытыкуе»
Калі словы Лукашэнкі ўспрыняць як кіраўніцтва да дзеяння, то навучальныя праграмы ў школе трэба мяняць. Яўген Лівянт падкрэслівае, што важна зрабіць гэта, падумаўшы, а не раптам да 1 верасня. Ганна Севярынец асцерагаецца, што адукацыю могуць пачаць ламаць толькі дзеля таго, каб мяняць.
– У мяне свой узровень – клас. Я прыйшла ў клас і дала дзецям веды. Але пры тым, што ў Мінадукацыі сярод метадыстаў ёсць шмат таленавітых людзей, падобна, у іх няма іншага выйсця, як толькі браць пад казырок, – кажа настаўнік.
І чыноўнікі гэта ўжо прадэманстравалі – праз некалькі дзён пасля заявы прэзідэнта віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка на выніковым пасяджэнні калегіі Мінадукацыі сказаў, што 1 верасня дзеці павінны вучыцца па абноўленых праграмах і падручніках.
А міністр адукацыі Ігар Карпенка паведаміў, што ўжо працуюць над увядзеннем новых навучальных праграм. Паводле яго слоў, вучні з першага па восьмы клас ужо займаюцца па новых праграмах. Пераход усіх класаў на новыя праграмы завершыцца толькі ў 2021/2022 навучальным годзе.
Міністр мяркуе, што крытыка кіраўніка дзяржавы была абгрунтаванай, калі ён казаў, што дзеці перагружаныя.
– Калі ў школьнай адукацыі будуць нешта мяняць, галоўнае, каб лекі не аказаліся горшымі за хваробу, – лічыць эксперт грамадскага Балонскага камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў.
Зрэшты, як бы Ігар Карпенка ні браў пад казырок, відавочна, што словы Аляксандра Лукашэнкі не стануць тут жа ўвасабляць у жыццё. Напрыклад, у 2017 годзе ён таксама быў незадаволены навучальнымі праграмамі. І ў верасні 2017 года Мінадукацыі заявіла, што новыя праграмы ўвялі. Праўда, тыя, якія распрацоўвалі ад 2015 года.
Чаму так адбываецца? Уладзімір Дунаеў лічыць, што беларуская сістэма адукацыі досыць устойлівая да ўсякіх экстравагантных выхадак:
– Устойлівасць сістэмы добрая тым, што дазваляе нейтралізаваць нейкія зусім дзіўныя ідэі, – лічыць эксперт. – Аляксандр Лукашэнка кажа як бацька, які бачыць, што сістэма адукацыі неэфектыўная і неактуальная. Яго словы трэба чуць, як і голас любога з бацькоў, але ператвараць гэта ў дырэктыву небяспечна.
Да таго ж, заўважае эксперт, у кіраўніка дзяржавы ёсць спосабы змяніць сістэму адукацыі. Бо менавіта ён па законе фарміруе адукацыйную палітыку.
– Пакуль жа выразнай адукацыйнай палітыкі няма, а ён усё крытыкуе. Але не крытыка можа нешта змяніць, а яго ўказ, – кажа Уладзімір Дунаеў.
Без грошай і выбару не можа быць якасці
Што рабіць? Трэба знайсці адказы на галоўныя пытанні.
– Дзе ў Беларусі тое асяроддзе, у якім могуць пачуць розныя пункты гледжання? Дзе публічная экспертыза і канкурэнцыя стратэгій? Няўжо ў нас стратэгія фарміруецца ў выніку капрызаў і здольнасці ім супрацьстаяць, нічога не змяняючы? – пералічвае Уладзімір Дунаеў.
Сярод сур’ёзных праблем – скарачэнне фінансавання адукацыі. Напрыклад, вышэйшая адукацыя за апошнія пяць гадоў у доларавым эквіваленце страціла 45% фінансавання, а затраты на аднаго студэнта зменшыліся на чвэрць.
Фінансаванне сярэдняй школы – гэта выдаткі на сціплыя заробкі настаўнікаў. Без грошай не можа быць якасці, кажа эксперт.
Ганна Севярынец бачыць выйсце ў тым, каб было шмат розных школ, сістэм і падручнікаў, каб бацькі разам з дзецьмі мелі выбар. Камусьці падыдзе школа са строгай дысцыплінай тыпу класічных англійскіх каледжаў, камусьці – свабодная ў фінскім стылі.
– Калі настаўнік самым строгім чынам прытрымліваецца праграм і метадычных рэкамендацый, у гэтым ёсць свой плюс, як і ў тым, калі ён падыходзіць да працы больш творча.
Што б ні спусцілі зверху, настаўнік, які з’яўляецца асобай са стрыжнем, у стане нешта даць вучням, – упэўненая Ганна.
Але некаторым даводзіцца пісаць у класны журнал адно, а выкладаць іншае.
– Калі ёсць мэта даць нейкія веды, якіх няма ў падручніку, трэба знайсці інфармацыю, падумаць, як яе падаць дзецям. Гэта ўскладняе працэс, – заключае настаўнік.
• Текст доступен на языке: Русский