Абраць ВНУ пасля школы для многіх – задача адказная. Пажадана не памыліцца з прафесіяй, улічыць здольнасці і разлічыць фінансавыя магчымасці.

Калі ж выпускнік школы – гэта малады чалавек ці дзяўчына на інвалідным вазку, тут паўстае яшчэ адна праблема: а ці магчыма ўвогуле паступіць у ВНУ?

Жыхарка Залесся Дар’я Ліс: пайшла ў педагагічны, бо там быў ліфт

Дзяўчына на вазку Дар’я Ліс жыве ў Залессі на Смаргоншчыне. Працуе журналістам-фрылансерам. У 1999 годзе з залатым медалём скончыла школу. Бачыла сябе студэнткай лінгвістычнага ўніверсітэта або БДУ. І тут з’явілася шмат але.

– У 11 класе я была ўпэўненая: стану перакладчыкам з французскай і буду сумяшчаць веданне моў з журналістыкай. Па-першае, любіла і добра ведала французскую. За што дзякуй настаўніцы Аляксандры Рабцавай. Па-другое, друкавалася ў моладзевых газетах. Гэта было цікава! – прыгадвае Даша канец 1990-х.

Калі прыйшоў час паступаць, мама абітурыенткі з’ездзіла ў разведку ў сталіцу. Тады і зразумелі: на журфак ісці не варта, а ў лінгвіс­тычным універсітэце няма ліфта і завочнага аддзялення французскай мовы.

Тады Даша набыла даведнік для абітурыентаў і… разгубілася: было так шмат спецыяльнасцяў, але ўсё патрэбнае было недасяжным…

У жаданым БДУ не было ліфта. Таму абітурыентка паступіла ў педагагічны ўніверсітэт на факультэт беларускай філалогіі і культуры.

Атэстат выдатніцы Дашы выдалі раней, і на выпускны вечар у школу яна прыйшла студэнткай. Забрала свой залаты медаль і весела правяла час з аднакласнікамі.

Разам з Дашай вучылася яшчэ адна дзяўчына на вазку Галіна Каспяровіч (цяпер – Зыранава) з Брэстчыны.

– Я ўдзячная выкладчыкам і аднакурснікам за дапамогу, разуменне і падтрымку. Хоць вучоба мая была суцэльным экстэрнатам: ез­дзіла здаваць экзамены ды залікі, кантрольныя працы пісала. Перачытала гару класікі. Трохі паглядзела Мінск. Гэта ўсё важны досвед, – прыгадвае мая субяседніца.

І ў той жа час прызнаецца: месцамі сачкавала, бо не бачыла для сябе перспектывы ў такой адукацыі і ў педагагічнай працы. Ёй хацелася зносін з людзьмі і ведання моў. Усё гэта дадавалася паступова і… самастойна. Асабліва пасля прыходу інтэрнэту.

Студэнткі Галіна Каспяровіч (злева) і Дар’я Ліс з выкладчыцамі на філалагічным факультэце БДПУ. Фота забяспечанае Дашай Ліс.

Сёння Даша ўдзячная выкладчыкам, якія ішлі насустрач, бацькам, якія вазілі яе ў Мінск, цягалі падручнікі, літаратуру.

Вікторыя Альшэўская з Маладзечна: вучыцца не здолела з-за інфарматыкі на чацвертым паверсе

Маладая мама на інвалідным вазку з Маладзечна Вікторыя Альшэўская жыве з баць­камі і маленькай дачкой. У 2007 годзе скончыла сярэднюю школу №14 у Маладзечне. Іншай адукацыі ў жанчыны пакуль няма.

Адразу пасля школы вырашыла паступаць у гандлёва-эканамічны каледж, што ў Маладзечне, на завочнае аддзяленне. Хай адукацыя не вышэйшая, але ж установа ў родным горадзе. Абрала спецыяльнасць «бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль». Вучыцца трэба было платна.

На вучобу на інвалідным вазку дачку вазіла мама.

– Машына ў нас была, але бацька тады не мог вазіць мяне, бо працаваў, – прыгадвае Віка. – Так мы і ездзілі з мамай: з інвалідным вазком залазілі ў аўтобус.

Правучылася Віка зусім нядоўга. Кажа, калі паступала, абгаворвалася тое, каб заняткі былі на першым паверсе. Але на практыцы гэтага не атрымалася. Інфарматыку ўвесь час ладзілі на чацвертым паверсе.

Пакуль Вікторыя ў дэкрэтным. Нядаўна скончыла курсы «Інклюзіўны барыста». Кажа, вельмі б хацелася і ўладкавацца на працу, а атрымаць адукацыю псіхолага пажадана дыстанцыйна. Але пакуль гэта толькі мары.

Аксана Карніловіч: у каледжы для мяне перанеслі камп’ютар на першы паверх

Маладзечанка на вазку Аксана Карніловіч школу скончыла ў 2018. У старэйшых класах захапілася праграмаваннем. Таму і спецыяльнасць вырашыла абраць адпаведную.

Паступіла на завочнае аддзяленне радыётэхнічнага каледжа ў Мінску. Тут навучэнцы на вазку пайшлі насустрач. Нават камп’ютар для заняткаў інфарматыкай перанеслі на першы паверх.

– Пакуль я вучуся на першым курсе, – кажа Аксана. – У групе ёсць яшчэ адна дзяўчына на вазку. За гэты год навучання праблем не было. Падабаецца і абраная спецыяльнасць, і навучанне.

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю: на ўсю Беларусь для людзей з інваліднасцю – адна ВНУ

Аб праблемах, з якімі сутыкаецца чалавек на вазку, што хоча атрымаць вышэйшую адукацыю, «Рэгіянальнай газеце» расказаў юрыст Офіса па правах лю­дзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі:

– З пытаннем, дзе чалавеку з інваліднасцю атрымаць вышэйшую адукацыю і адукацыю ў прынцыпе, да нас звяртаюцца часта. І тут ёсць некалькі праблем: гэта і фізічная даступнасць да ўстановы адукацыі, і немагчымасць суправаджаць чалавека з інваліднасцю, і адсут­насць даступнай статыстыкі пра колькасць такіх студэнтаў.

Летась у Офіс звярнулася сям’я. Дзяўчына-вазочніца хацела паступаць на дызайнера. Бацькі вывучылі ці не ўсе ВНУ Беларусі і не знайшлі ніводнай, дзе б магла вучыцца дачка.

У выніку яны прыйшлі ў Офіс з пазіцыяй: мы гатовыя паступіць хоць куды, на любую спецыяльнасць. Толькі скажыце, куды можна.

Па словах Алега Граблеўскага, сёння толькі адна ВНУ больш-менш абсталяваная пад навучанне такіх студэнтаў. Гэта Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Другая праблема – немагчымасць суправаджаць на лекцыях студэнта-вазочніка або студэнта з псіхічнымі адхіленнямі. Калі ў школе і дашкольных установах гэта магчыма па заканадаўстве, то ў ВНУ такі суправа­джаючы заканадаўча не прадугле­джаны. Так і адказваюць бацькам на афіцыйныя запыты ў Мінадукацыі.

Трэцяя праблема – лічбы.

– Мы не бачым статыс­тыкі, які працэнт студэнтаў з інваліднасцю ад агульнай колькасці студэнтаў. Калі ж часам удаецца выха­піць нейкія лічбы, то яны звычайна мізэрныя, – кажа Алег. – Вядома, большасць абітурыентаў на вазку, сутыкнуўшыся з такімі праблемамі ці хаця б пачуўшы пра іх, проста застаюцца ся­дзець дома.

Хоць вышэйшая адукацыя многім з іх патрэбная.

– Як мінімум, для самаацэнкі, – кажа мая субяседніца Даша Ліс. – Але самаадукацыю ніхто і нішто не заменіць. Цяпер ёсць інтэрнэт і процьма магчымасцяў. А да афіцыйнай адукацыі пытанні застаюцца.