Нашаму земляку, паэту Адамовічу пагражае да чатырох гадоў зняволення. Ён пад хатнім арыштам

14 сакавіка мы пісалі, што ў дачыненні радыкальнага паэта Славаміра Адамовіча заведзеная крымінальная справа за «крадзеж, здзейснены з пранікненнем у жыллё».

Справа завялі ў снежні 2018 года, апошнім часам ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Адамовіч звязвае пераслед са сваёй грамадскай актыўнасцю.

Суд адбудзецца 22 сакавіка ў Мар’інай Горцы. Адамовічу пагражаюць выпраўленчыя працы на тэрмін да двух гадоў, альбо арышт, альбо абмежаванне свабоды на тэрмін да чатырох гадоў, альбо пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін.

Славамір Адамовіч – наш зямляк. Ён скончыў 8 класаў Будслаўскай школы.

Быў адным з заснавальнікам Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», здабыў папулярнасць у 1990-ыя.

У 1995 годзе напісаў верш «Убей президента!», за што быў арыштаваны. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз дзесяць месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд. Пакаранне, да якога прыгаварыў Славаміра Адамовіча суд, фактычна абмяжоўвалася тым тэрмінам, які ён ужо адбыў у зняволенні.

У 1997 годзе на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У пачатку 2000-ых эміграваў у Нарвегію, але ў 2009 годзе вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў Мар’інай Горцы.

 

• Текст доступен на языке: Русский