Фота ck.oblast.online.

Пра гэта галоўны доктар Вілейскай ЦРБ Ігар Спільнічэнка распавёў на сустрэчы з жыхарамі Асіпавічаў 14 сакавіка.

Група райвыканкама на чале са старшынёй Алегам Бегунцом сустрэлася з жыхарамі Асіпавіцкага сельсавета і работнікамі райаграсервіса, паведамляюць на сайце Вілейскага райвыканкама.

Намеснік старшыні Святлана Дзяруга прыгадала, што некалькі год таму ў Асіпавічах вымушаныя былі зачыніць школу, бо хадзіла мала дзяцей. Будынак школы выстаўляецца на продаж праз аўкцыён.

Магчыма, аптымізуюць дзіцячы садок. Бо па спісе там пяць дзяцей, а ходзяць два-тры. Пры гэтым працуе ў садку 12 чалавек. Пытанне абмяркуюць. Калі садок усё ж зачыняць, дзяцей будуць вазіць у суседнія Шылавічы.

Галоўны доктар Вілейскай ЦРБ Ігар Спільнічэнка адзначыў, што з медыцынскіх новаўвядзенняў у раёне – скрынінгавы цэнтр, які ўжо працуе.

Хваробу на ранніх стадыях знайшлі ў 12 чалавек.

А таксама рыхтуюць памяшканне для камп’ютарнага тамографа, які чакаюць у маі. Кожнага з прысутных галоўны доктар заклікаў праходзіць штогадовую дыспансерызацыю.

У Асіпавічах цяпер няма тэрапеўта. Вырашыць пытанне паабяцалі да красавіка.

Па сваіх тэмах выступілі таксама прадстаўнікі аддзела ЖКГ, РАУС, РАНС. Падвёў вынікі старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец.